~~META: title = Санеты Адама Міцкевіча &keywords = пераклад, міцкевіч, букет, нёман, роднай, паэту &abstract = Санеты Адама Міцкевіча &iftrue = nan ~~ ====== Санеты Адама Міцкевіча ====== У адэскай высылцы Міцкевіч піша цыкл санетаў, у цэнтры якіх любоўныя перажыванні лірычнага героя. Гэтыя творы пераклікаюцца з пэўнымі санетамі Петраркі, выяўляючы пры гэтым самыя розныя адценні пачуццяў паэта: Дзе асвячоныя ў шчаслівы час тваёй журбою\\ Буялі краскі, вартыя архангельскае скроні,\\ Ірваў букет я на тым самым лугавым улонні,\\ Змяшаны з палыном, з плакучаю вярбою.\\ \\ Як пустазелле й блёкат заглушылі ўсё сабою,\\ Чаму ж баіцца ўспыхнуць кветка чыстая ў палоне?\\ І ўсё ж букет прымі: не варты ён тваёй далоні,\\ Ды ўзрос на той зямлі, дзе ты ўсміхнулася настрою… (Пераклад Рыгора Барадуліна) \\ Цэнтральнае месца ў гэтым цыкле, аднак, займае санет "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-да-нёмна|Да Нёмана]]", першы варыянт якога быў напісаны яшчэ ў 1821 ці 1822 г. на роднай паэту Наваградчыне. Туга па растанні з каханай Лаўрай – у сапраўднасці Марыляй Верашчакай – спалучаецца тут з прадчуваннем непазбежнага развітання з радзімай: Мой Нёман, родная рака, дзе хвалі тыя,\\ А з імі столькі шчасця, і надзей, і мараў?\\ Дзе весялосць, маленства мілае без хмараў?\\ \\ Дзе век бурлівы, леты нашы маладыя?\\ Лаура дзе? Сяброў не бачу, любых твараў,\\ Усё прайшло, а слёзы памяці жывыя. (Пераклад Уладзіміра Мархеля) \\ У традыцыях рамантыкаў было захапленне экзатычнай прыродай, найчасцей паўднёвых краін. У сваіх "Крымскіх санетах" (1825) Адам Міцкевіч фармальна аддаў даніну гэтай традыцыі; на тле незвычайных краявідаў Крыма мы бачым усё тое ж рамантычнае пачуццё самоты. Але і тут таксама не-не ды выяўляе сябе нязбыўны сум па роднай паэту Літве-Беларусі: …Стаім! – як ціха! – чую вырай жураўліны,\\ А птушак бы і сакаліны зрок не згледзеў;\\ І чую, як матыль разгойдвае сцябліны,\\ \\ Як слізкай скурай вуж даткнецца зёлкі недзе.\\ Усё б аддаў, здаецца, ў гэтыя хвіліны,\\ Каб кліч з Літвы пачуць, – ніхто не кліча, едзем. (Акерманскія стэпы. Пераклад Ірыны Багдановіч) Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014 ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/вянок-санетаў]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-санет-паміж-пяскоў-егі]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-санет-замёрзла-ноччу-ш]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-для-зямлі-прадзедаў-маіх]] * [[слоўнік/санет]]