~~META: title = Балады і паэмы Адама Міцкевіча &keywords = баладзе, міцкевіча, вера, адам, жыццём, рамантычнай, балады, творы, бачыць, свіцязь, гражына &abstract = Балады і паэмы Адама Міцкевіча &iftrue = nan ~~ ====== Балады і паэмы Адама Міцкевіча ====== У першых вершах юнацкай пары Адама Міцкевіча ("Гарадская зіма", "Ужо сышоў з нябёсаў ночы змрок сумотны…" – абодва 1818; "Ямбы на імянінах Яна Чачота", 1819, і інш.) выразна адчувальныя ўплывы эстэтыкі асветніцкага класіцызму. Але ў асяроддзі маладых паэтычна настроеных філаматаў паступова выспявае нязгода з рацыяналістычна-асветніцкім стаўленнем пэўных выбітных выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэта – гэткіх, як прафесар Ян Снядэцкі – да фальклору як крыніцы паэтычнага натхнення. Так узнікае балада Адама Міцкевіча "Рамантычнасць" (студзень 1821) – своеасаблівы маніфест "гердэраўскага" перадрамантызму на беларуска-польскай глебе. Апавядальнікам у гэтым творы выступае чалавек "з-па-за натоўпу". Ён расказвае пра падзеі з пазіцый пярэчання вучонаму старому "са шкельцам у воку". Як у класіцысцкім творы, апавядальнік дае маралізатарскую канцоўку, але гэтая мараль апраўдвае рамантычны погляд на мастацкую рэчаіснасць: Адказваю сціпла: – Дзяўчына бачыць,\\ І люд да той веры ахвочы;\\ Пачуцці й вера мне болей значаць,\\ Чым шкло мудраца ды вочы.\\ \\ Праўды змярцвелыя кажаш ты люду:\\ Ў пылінцы свет бачыш ды ў шкельцы.\\ А праўдаў жывых не спазнаў ты й цудаў!\\ Май сэрца, заглядвай у сэрца! (Пераклад Лявона Баршчэўскага) Гэткім чынам апавядальнік у баладзе (а па сутнасці – і сам Міцкевіч) уводзіць як бы новыя катэгорыі пазнання: інтуіцыю, а таксама пачуццё і веру, ісціны падсвядомасці. Гэткім чынам аўтар не толькі распачынае гаворку пра чалавечыя каштоўнасці, але і падтрымлівае веру простага люду ў свет нематэрыяльны. Ён становіцца на бок тых, хто пакутуе і праз свае пакуты ўваходзіць у дачыненні з таямнічымі з’явамі. Вера ў тое, што бачыць простая дзяўчына Каруся, грунтуецца для аўтара на сіле яе пачуцця. Спачуванне да яе з боку апавядальніка выяўляе пазіцыю рамантыкаў, якія пашыраюць веды пра чалавека, спрабуючы спазнаваць стан падсвядомасці, інтуітыўнага ўспрымання рэальнасці. Каруся ў баладзе "Рамантычнасць" папраўдзе паводзіць сябе як вар’ятка (сярод белага дня бачыць духа), але гэта не ставіць пад сумнеў праўдзівасці яе пачуцця. Як вядома, рамантыкі найчасцей бачылі ў душэўных хваробах выяўленне асобы генія, а ў вар’яце – істоту, што мае мажлівасць наладжваць непасрэдныя кантакты з незямным жыццём.\\ У баладах і рамансах"Люблю я" (1819), "Свіцязь", "Рыбка", "Курганок Марылі" (усе 1820), "Свіцязянка" (1821), і інш. Адам Міцкевіч закранае тэмы, звязаныя з беларускімі паданнямі і легендамі, з жыццём і культурай мясцовага беларускага люду, яго ўяўленнямі пра свет і мараль. Менавіта гэтыя творы цалкам адпавядаюць канону рамантычнай балады як жанру, у якім спалучаюцца рысы лірыкі, эпасу і драмы. Сюжэт рамантычнай балады заснаваны на легендарных або гістарычных падзеях, можа ўключаць элементы народнай міфалогіі, казачнага фальклору, а яе настрой можна вызначыць як нязвыклы і таямнічы. Важную функцыю ў рамантычнай баладзе выконвае прырода, якая бывае паказаная як неадольная сіла, што вырашае лёсы герояў, чыніць справядлівыя прысуды.\\ Гераіня балады Адама Міцкевіча "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-свіцязянка|Свіцязянка]]" – адна з чароўных істот беларускай міфалогіі, прызначэнне якіх губіць невінаватых людзей. Але ў баладзе Міцкевіча стралец пакараны не проста так, а за здраду ў каханні. У баладзе "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-свіцязь|Свіцязь]]" паэт увогуле адыходзіць ад сюжэтаў народных паданняў (параўнайце аднайменныя балады Яна Чачота і Тамаша Зана), але, безумоўна, трымаецца іх духу; да таго ж, Міцкевічаў твор адметны апісаннем свіцязянскага краявіду: Між дрэў, бы ў вяночку, адкрыецца воку Там возера Свіцязь, як дзіва. Бы хтосьці чысцюткую шыбу звысоку Сюды апусціў беражліва. \\ А здарыцца быць тут начною парою, Застынеш, аддаўшыся чарам: Рой зор над табою. Рой зор пад табою І месяцы два перад тварам! \\ Гадацьмеш: з-пад ног гэта ў неба нямое Раўніна ідзе тут шкляная Ці неба скляпенне сваё незямное Пад ногі табе развінае. \\ Не можаш адрозніць у срэбным сутонні Дно возера ўжо ад зеніту. Як быццам вісіш ты ў нябесным бяздонні, У нейкім разліве блакіту… (Пераклад Кастуся Цвіркі) Матыў непазбежнага пакарання за ліхія ўчынкі, характэрны для народных паданняў, знаходзіць сваё развіццё ў баладзе "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-рыбка|Рыбка]]". Адплата здзяйсняецца цудадзейным чынам: пан і пані ператвораныя ў камень, але за гэтым народна-паэтычным вобразам праглядаецца пэўная ідэя сацыяльнага пратэсту. У рамансе "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-курганок-марылі|Курганок Марылі]]" пазнаецца стыль беларускіх пахавальных галашэнняў, якіх гэтак багата ёсць у нашым фальклоры. У баладзе "Люблю я", магчыма, у найбольшай ступені сярод усіх балад, заснаваных на беларускім фальклорна-міфалагічным матэрыяле, выяўляе сябе містыцызм, гэтак упадабаны раннімі нямецкімі рамантыкамі.\\ Твор "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-гражына|Гражына]]" (1823) можа лічыцца пачаткам гераічна-патэтычнай лініі ў польскамоўнай рамантычнай літаратуры. Яшчэ пачынаючы ад паэмы "Мешка, князь наваградскі" (1822), услед за заходнееўрапейскімі рамантыкамі, таямнічая сярэднявечная гісторыя знаходзіць сваё месца і ў міцкевічавай творчасці. У цэнтры ліра-эпічнай паэмы "Гражына" мы бачым гераічны вобраз ліцвінскай жанчыны, якая мужна ўступае ў змаганне з каланізатарамі-тэўтонцамі. Дзеянне "Гражыны" разгортваецца ў Наваградку і яго наваколлі. Гражына, маладая прыгожая жонка тамтэйшага князя Літавора, ахвяруе сваім жыццём дзеля абароны радзімы ад варожай навалы. Матыў змагання ліцвінаў з крыжакамі атрымае сваё развіццё і ў паэме "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-конрад-валенрод|Конрад Валенрод]]", напісанай Міцкевічам ужо ў расійскай высылцы (1825-1827). Вобраз Конрада Валенрода тыпалагічна блізкі да "байранічнага героя". Конрад ратуе Літву, але робіць гэта коштам пакут і сумненняў, ахвяравання асабістым шчасцем і жыццём.\\ \\ Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-свіцязянка]] * [[слоўнік/паэма]] * [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-гражына]] * [[творы/адам-міцкевіч/творчасць-адама-міцкевіча]] * [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-свіцязь]]