~~META: title = Адам Міцкевіч — Смерць палкоўніка &keywords = Міцкевіч, смерць, палкоўнік, Эмілія, Плятэр &abstract = Чытаць верш "Смерць палкоўніка" Адама Міцкевіча &iftrue = nan ~~ ====== Адам Міцкевіч — Смерць палкоўніка ====== На палянцы зялёнай, між думных бароў,\\ Дзе пад клёнам хацінка старая,\\ Бы застыў у зняменні атрад ваяроў:\\ Іхні там камандзір памірае.\\ Людзі з вёсак збіраюцца тут, ля варот.\\ Ён, палкоўнік, быў слаўны, няйначай,\\ Раз яму спагадае так просты народ,\\ Пра яго ўсё пытае ды плача.\\ Вось палкоўнік каня асядлаць загадаў\\ I прывесці бліжэй, да парога.\\ Перад смерцю яшчэ раз хоць глянуць жадаў\\ Ён на друга свайго баявога.\\ Загадаў свой прынесці паходны мундзір,\\ Свой кінжал, зброю, пояс стралецкі.\\ Ён хацеў і з рыштункам сваім, камандзір,\\ Развітацца, як колісь Чарнецкі.\\ А калі ўжо ад хаты каня адвялі,\\ Ксёндз туды ўвайшоў з панам Богам.\\ Людзі з вёсак маліцца хутчэй пачалі,\\ Ціха ўкленчыўшы перад парогам.\\ Спалатнеўшы, паўстанцы стаялі ў дзвярах.\\ Нават воі Касцюшкі былыя\\ Што прайшлі ўсе агні, агрубелі ў баях,\\ Слёз сваіх не хавалі, сівыя.\\ Рана-рана ў капліцы званіць пачалі.\\ Ды хаваць камандзіра жаўнеры\\ Не змаглі: наляцелі якраз маскалі...\\ У капліцы для ўсіх — насцеж дзверы.\\ Там ляжаў ён на лаве — ў спакоі чало.\\ У руках яго — крыж, збоч — нягнуткі\\ Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі — сядло.\\ Люд дзівіўся: такі маладзюткі!\\ Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі...\\ Хто ж мог знаць, што баёў завадатар\\ Быў... дзяўчынай! Была — слёз не трэба, жанкі, —\\ То ліцьвінка Эмілія Плятэр!\\ \\ 1832 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-на-смерць]] * [[творы/васіль-быкаў/васіль-быкаў-мёртвым-не-баліць]] * [[творы/адам-міцкевіч/творчасць-адама-міцкевіча]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-ладдзя-роспачы]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-ведаю-што-і-я-памру-як]]