Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:адам-міцкевіч:адам-міцкевіч-дзяды

Гэта старая версія дакумента!


Адам Міцкевіч — Дзяды

Этапнай у творчасці Адама Міцкевіча стала вялікая драматычна-эпічная паэма «Дзяды», пачатая ў 1820 г. і, па сутнасці, не завершаная паэтам да канца ягонага жыцця. Дзяды – слова беларускае, і служыць яно найменнем старадаўняга абраду памінання памерлых продкаў. З паказу адпаведнага рытуалу і пачынаюцца апублікаваныя паэтам часткі паэмы. Паэт надае абраду Дзядоў маральнае і філасофскае значэнне, як бы задаючы тон усяму твору, які ўвесь прасякнуты матывам веры. Цэнтральнай жа постаццю паэмы выступае вобраз Густава-Конрада. Густаў з’яўляецца ўжо ў пралогу «Здань» і дзейнічае ў Другой і Чацвёртай частках паэмы. Гэта – герой найчасцей маўклівы, заглыблены ў асабістыя праблемы. Густаў супрацьпастаўляе шмат якім заганным бакам «вышэйшага грамадства» здаровую, як ён лічыць, маральнасць простага народа. За ім неадступна крочыць вобраз каханай, і ў апошнім маналогу Чацвёртай часткі Густаў прамаўляе наступныя словы:

Хто цалкам сэрцам і душой ў каханні гінуў,
Заўжды той будзе побач з мілаю дзяўчынай!
Яна ўладарыць думкамі, натхненнем!
Я пасля смерці ўсюды сэрцам з ёю
Быць мушу, і за постаццю мне дарагою
Лячу скароным ценем.
Хто верны быў стваральніку зямному,
Прыняты будзе той на райскае улонне,
А хто з нячыстым жыў – патрапіць у бяздонне,
Там суджана спаліцца ўсяму злому…

(Пераклад Сержа Мінскевіча)


Трэцяя частка «Дзядоў» была напісаная Міцкевічам ужо ў Дрэздэне, пасля паразы паўстання 1830-1831 гг. У гэтай частцы захоўваецца пафас і стыль «віленска-ковенскіх» «Дзядоў», застаецца і галоўны герой – той самы… і ўжо іншы. 1 лістапада 1823 г., на Дзяды, паэт зрабіў надпіс на муры цэлі ў базыльянскіх мурах: «1 лістапада 1823 г. памёр Густаў. 1 лістапада 1823 г. нарадзіўся Конрад». Галоўныя памкненні гэтага героя скіраваныя ўжо не на тое, каб залячыць душэўную рану ад няшчаснага кахання, а на здзяйсненне высокага патрыятычнага ідэалу – вызваленне любай Айчыны. У «Імправізацыі» Конрад выказвае погляды рамантычнага бунтаўніка-індывідуаліста, кідае выклік самому Богу. У сваю чаргу, ксёндз Пётра ў змаганні за свабоду роднага краю чэрпае сілы якраз у шчырым служэнні Богу: у гэтым абодва героі як бы дапаўняюць адзін аднаго. І ўсё-такі сапраўдным узорам адданасці высакароднай справе для Конрада выступаюць мастацкія вобразы сяброў Міцкевіча, філаматаў і філарэтаў. Хтосьці з іх з’яўляецца ў творы пад мянушкамі (Жэгота – Ігнат Дамейка), а нехта (Тамаш Зан, Адам Сузін, Ян Сабалеўскі, Адольф Янушкевіч, Якуб Ягела, Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі, Антоні Фрэенд, Цыпрыян Янчэўскі) – і пад сваімі ўласнымі імёнамі або прозвішчамі. У высокай маральнасці сваіх сяброў аўтар бачыць гарантыю таго, што памагатыя рэжыму рана ці позна пацерпяць паразу…
Ва Урыўку (альбо: адступленні) Трэцяй часткі паэмы «Дзяды», які фактычна складаецца з некалькіх вершаў, Міцкевіч малюе вобраз бесчалавечнай царскай імперыі:

Шкада цябе, мой браце-славянін!
Народ мой бедны! Звеку ты без долі
І знаеш толькі – гераізм няволі.

(Пераклад Кастуся Цвіркі)


Расійскую тэрыторыю Міцкевіч паказвае ў выглядзе вялікай застылай пусткі, а сталіцу імперыі Пецярбург – як тварэнне злых, сатанінскіх сілаў гісторыі.
Вельмі цяжка даць дакладнае жанравае вызначэнне паэмы «Дзяды». Як заўважана літаратуразнаўцамі, аўтар выкарыстаў у гэтым творы элементы оперы, містэрыі, народнага фарсу, ствараючы «жанравы сплаў гістарычнай, філасофскай, лірыка-драматычнай паэмы».
Адметнай з’явай у культурным жыцці Беларусі апошніх гадоў стала сцэнічнае ўвасабленне «Дзядоў», ажыццёўленае мінскім «Тэатрам Ч» пад творчым кіраўніцтвам літоўскага рэжысёра Рамуне Кудзманайце ў 2013 г.

Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Падобныя старонкі

творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-дзяды.1755963644.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki