~~META: title = Адам Міцкевіч — Дзяды &keywords = паэмы, дзяды, дзядоў, густаў, часткі, вобраз, лістапада, міцкевіч, імперыі, пераклад, абраду &abstract = Ідэйны змест паэмы Адама Міцкевіча "Дзяды" &iftrue = nan ~~ ====== Адам Міцкевіч — Дзяды ====== Этапнай у [[творы/адам-міцкевіч/творчасць-адама-міцкевіча|творчасці Адама Міцкевіча]] стала вялікая драматычна-эпічная паэма "Дзяды", пачатая ў 1820 г. і, па сутнасці, не завершаная паэтам да канца ягонага жыцця. Дзяды – слова беларускае, і служыць яно найменнем старадаўняга абраду памінання памерлых продкаў. З паказу адпаведнага рытуалу і пачынаюцца апублікаваныя паэтам часткі паэмы. Паэт надае абраду Дзядоў маральнае і філасофскае значэнне, як бы задаючы тон усяму твору, які ўвесь прасякнуты матывам веры. Цэнтральнай жа постаццю паэмы выступае вобраз Густава-Конрада. Густаў з’яўляецца ўжо ў пралогу "Здань" і дзейнічае ў Другой і Чацвёртай частках паэмы. Гэта – герой найчасцей маўклівы, заглыблены ў асабістыя праблемы. Густаў супрацьпастаўляе шмат якім заганным бакам "вышэйшага грамадства" здаровую, як ён лічыць, маральнасць простага народа. За ім неадступна крочыць вобраз каханай, і ў апошнім маналогу Чацвёртай часткі Густаў прамаўляе наступныя словы: Хто цалкам сэрцам і душой ў каханні гінуў,\\ Заўжды той будзе побач з мілаю дзяўчынай!\\ Яна ўладарыць думкамі, натхненнем!\\ Я пасля смерці ўсюды сэрцам з ёю\\ Быць мушу, і за постаццю мне дарагою\\ Лячу скароным ценем.\\ Хто верны быў стваральніку зямному,\\ Прыняты будзе той на райскае улонне,\\ А хто з нячыстым жыў – патрапіць у бяздонне,\\ Там суджана спаліцца ўсяму злому… (Пераклад Сержа Мінскевіча) \\ Трэцяя частка "Дзядоў" была напісаная Міцкевічам ужо ў Дрэздэне, пасля паразы паўстання 1830-1831 гг. У гэтай частцы захоўваецца пафас і стыль "віленска-ковенскіх" "Дзядоў", застаецца і галоўны герой – той самы… і ўжо іншы. 1 лістапада 1823 г., на Дзяды, паэт зрабіў надпіс на муры цэлі ў базыльянскіх мурах: "1 лістапада 1823 г. памёр Густаў. 1 лістапада 1823 г. нарадзіўся Конрад". Галоўныя памкненні гэтага героя скіраваныя ўжо не на тое, каб залячыць душэўную рану ад няшчаснага кахання, а на здзяйсненне высокага патрыятычнага ідэалу – вызваленне любай Айчыны. У "Імправізацыі" Конрад выказвае погляды рамантычнага бунтаўніка-індывідуаліста, кідае выклік самому Богу. У сваю чаргу, ксёндз Пётра ў змаганні за свабоду роднага краю чэрпае сілы якраз у шчырым служэнні Богу: у гэтым абодва героі як бы дапаўняюць адзін аднаго. І ўсё-такі сапраўдным узорам адданасці высакароднай справе для Конрада выступаюць мастацкія вобразы сяброў Міцкевіча, [[творы/іншае/філаматы-і-філарэты|філаматаў і філарэтаў]]. Хтосьці з іх з’яўляецца ў творы пад мянушкамі (Жэгота – [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/ігнат-дамейка|Ігнат Дамейка]]), а нехта ([[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/тамаш-зан|Тамаш Зан]], Адам Сузін, Ян Сабалеўскі, [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/адольф-янушкевіч|Адольф Янушкевіч]], Якуб Ягела, Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі, Антоні Фрэенд, Цыпрыян Янчэўскі) – і пад сваімі ўласнымі імёнамі або прозвішчамі. У высокай маральнасці сваіх сяброў аўтар бачыць гарантыю таго, што памагатыя рэжыму рана ці позна пацерпяць паразу…\\ Ва Урыўку (альбо: адступленні) Трэцяй часткі паэмы "Дзяды", які фактычна складаецца з некалькіх вершаў, Міцкевіч малюе вобраз бесчалавечнай царскай імперыі: Шкада цябе, мой браце-славянін!\\ Народ мой бедны! Звеку ты без долі\\ І знаеш толькі – гераізм няволі. (Пераклад Кастуся Цвіркі) \\ Расійскую тэрыторыю Міцкевіч паказвае ў выглядзе вялікай застылай пусткі, а сталіцу імперыі Пецярбург – як тварэнне злых, сатанінскіх сілаў гісторыі.\\ Вельмі цяжка даць дакладнае жанравае вызначэнне паэмы "Дзяды". Як заўважана літаратуразнаўцамі, аўтар выкарыстаў у гэтым творы элементы оперы, [[слоўнік/містэрыя|містэрыі]], народнага [[слоўнік/фарс|фарсу]], ствараючы "жанравы сплаў гістарычнай, філасофскай, лірыка-драматычнай паэмы".\\ Адметнай з’явай у культурным жыцці Беларусі апошніх гадоў стала сцэнічнае ўвасабленне "Дзядоў", ажыццёўленае мінскім "Тэатрам Ч" пад творчым кіраўніцтвам літоўскага рэжысёра Рамуне Кудзманайце ў 2013 г. Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-конрад-валенрод]] * [[творы/адам-міцкевіч/творчасць-адама-міцкевіча]] * [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-свіцязянка]] * [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-свіцязь]] * [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-гражына]]