~~META: title = Адам Міцкевіч — Да Нёмна &keywords = вобраз, радаводная, нёман, рэчка, кахання, часткі, нёмана, аўтар, паэта, лаура &abstract = Чытаць санет Адама Міцкевіча "Да Нёмна". Адказы на пытанні да верша &iftrue = nan ~~ ====== Адам Міцкевіч — Да Нёмна ====== Нёмне, рэчка мая радаводная, дзе\\ Тыя воды, што браў я ў маленстве ў далоні,\\ Па якіх потым плыў у самотным палоне\\ Сэрца ахаладзіць, што зайшлося ў нудзе?\\ \\ Цень красы тут Лаура сачыла ў вадзе,\\ Валасы заплятала і ўквечвала скроні,\\ Вобраз вабны яе ў срэбных хваляў на ўлонні\\ Я слязамі ў запале муціў у жудзе.\\ \\ Радаводная рэчка мая, дзе твае\\ Маладыя крыніцы, што білі няспынна,\\ Дзе нявінных гадоў навіна і правіна?\\ \\ Дзе бунтоўнасць, якой мне цяпер не стае?\\ Дзе Лаура мая? дзе былая сябрына?..\\ Знікла ўсё, што ж не высахлі слёзы мае! \\ Пераклад [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгора Барадуліна]] \\ \\ **Адказы на пытанні:**\\ 1. Для лірычнага героя Нёмана – месца, дзе ён правёў маленства і адчуў горыч першага непадзеленага кахання. Нёман – спрадвечны пейзажны вобраз нашай геаграфічнай і этнічнай прасторы, які трывала замацаваўся ў нацыянальнай літаратуры як апазнавальны сімвал беларускага краю. Гэты гідронім у [[творы/адам-міцкевіч/творчасць-адама-міцкевіча|творчасці Адама Міцкевіча]] выступае як [[слоўнік/топас|топас]] радзімы.\\ 2. Лірычны герой звяртаецца да ракі Нёман, называючы яго "рэчкай маёй радаводнай". Паэт з любасцю і ўсхвалявана прамаўляе слова "Нёман", бо яго вобраз – гэта нібы душэўна блізкі суразмоўца, якому аўтар давярае любоўныя згадкі, сваю шчырую споведзь.\\ 3. [[слоўнік/санет|Санет]] раздзелены на дзве часткі, у пачатку кожнай часткі аўтар паўтарае выраз "рэчка мая радаводная". Вобраз Нёмана з’ядноўваецца з душой паэта суладна, інтымна і адухоўлена. З ракой знітавана незабыўнае і дарагое – пачуццё кахання, вобраз каханай. Зваротак дапамагае адчуць у Нёмане не толькі суразмоўцу, але і выказніка эмоцый, пачуццяў, якія хвалююць паэта. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>берагам-нёмана]] * [[ibdc.ped>старанная-праца]] * [[ibdc.ped>празрыстая-пара-восені]] * [[ibdc.ped>гімн-жыццю]] * [[ibdc.ped>каля-нёмана]]