Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:інтымная-лірыка

Гэта старая версія дакумента!


Інтымная лірыка

Інтымная лірыка — сукупнасць лірычных твораў пра каханне, дружбу, сямейныя ўзаемаадносіны.
Адным з самых старажытных і знакамітых майстроў інтымнай лірыкі была старажытнагрэчаская паэтэса Сапфо, або Сафо (канец VІІ — 1-я палова VІ ст. да н. э.). Значны ўклад у развіццё сусветнай інтымнай лірыкі ўнеслі Авідзій, Ф. Петрарка, П. Рансар, У. Шэкспір, А. Пушкін, Адам Міцкевіч, Р. Гамзатаў і іншыя.
Паэзія выпрацавала нямала жанраў і жанравых разнавіднасцей інтымнай лірыкі: альбы, баркаролы, серэнады, эпіталамы, рамансы…
У беларускім фальклоры існуе асобны вялікі і багаты жанр песень пра каханне. На іх аснове і з выкарыстаннем сусветнага паэтычнага вопыту беларускія паэты XVІІ-XVІІІ стст. напісалі нямала вершаў, што ўзбагацілі тагачасную інтымную лірыку.
У новай беларускай літаратуры, што нараджалася і развівалася ў XІX ст. амаль што ў канспіратыўных умовах, было не да інтымнай лірыкі — у ёй выразна пераважалі грамадзянскія матывы. І толькі ХХ ст. прынесла сапраўдны росквіт інтымнай лірыкі. Выдатныя ўзоры яе ёсць у Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Еўдакіі Лось, Я. Пфляўмбаўм, Яўгеніі Янішчыц, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Янкі Сіпакова, Леаніда Дранько-Майсюка, Раісы Баравіковай і інш. Часам выходзяць зборнікі, цалкам складзеныя з твораў інтымнай лірыкі ("Ave Maria" Максіма Танка, «Ты — мая пчолка» Петруся Броўкі, «Гняздо для птушкі радасці» Генадзя Бураўкіна, «Каханне» Раісы Баравіковай і інш.).
Лепшыя творы народнай беларускай інтымнай лірыкі ўвайшлі ў грунтоўнае выданне «Песні пра каханне» (1978), творы паэзіі пісьмовай — у анталогію «Зорка Венера» (1972).

Падобныя старонкі

слоўнік/інтымная-лірыка.1755963637.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki