~~META: title = Ідэалізацыя &keywords = ідэалізацыя, спосаб &abstract = Выкарыстанне ідэалізацыі ў літаратуры &iftrue = nan ~~ ====== Ідэалізацыя ====== Ідэалізацыя (ад франц. іdealisation) — уяўленне або адлюстраванне пэўнай з’явы ў лепшым выглядзе, вылучэнне толькі станоўчых бакоў гэтай з’явы.\\ Спосабам ідэалізацыі карысталіся пісьменнікі-рамантыкі, якія малявалі сваіх герояў незвычайна смелымі, высакароднымі, г. зн. паказвалі іх у адпаведнасці з сваім эстэтычным ідэалам, вельмі ярка, кантрастна выяўляючы гэты ідэал.\\ Спосаб ідэалізацыі прыйшоў у літаратуру з вуснай народнай паэзіі, з народных легенд, гераічных песень, казак, былін, якім ён асабліва ўласцівы.\\ У беларускай літаратуры спосабам ідэалізацыі карысталіся і карыстаюцца многія пісьменнікі. Выразны прыклад знаходзім у паэме [[творы/янка-купала/янка-купала-бандароўна|Янкі Купалы «Бандароўна»]] ў абмалёўцы вобраза Бандароўны: Хараства такога ў свеце\\ Не было, не будзе;\\ Аб ёй людзі гаварылі,\\ Як аб нейкім цудзе.\\ Як маліны, яе губкі,\\ А твар, як лілея,\\ Як дзве зоркі, яе вочкі,\\ Гляне — свет яснее. Iдэалізацыя мае і іншае значэнне — прыхарошванне рэчаіснасці, затушоўванне ценявых бакоў, супярэчнасцей жыцця.