Эўфонія (ад гр. eu - добра і phone - голас, гук), ці мілагучнасць - гукавы лад мовы, які надае ёй мілагучнае гучанне. У кожнай нацыянальнай мове ёсць свае законы эўфоніі, абумоўленыя яе фанічным ладам.
Беларуская мова, яе «звонкае «дзе» і глухое «чаго» (Пімен Панчанка), паўнагалоссе, дзеканне і цеканне, мяккасць вымаўлення «дз», «ц», «с» («сьцяг», «дзеці», «хацець»), падваенне зычных («сутонне», «наваколле», «калоссе»), прыстаўныя зычныя і галосныя і інш. абумоўліваюць своеасаблівы каларыт гучання мастацкіх твораў, прадвызначаюць канкрэтныя шляхі пошукаў у галіне эўфоніі. Звяртаючы на гэта ўвагу пісьменнікаў, Уладзімір Дубоўка падкрэсліваў: «У жывой мове нашага народа ёсць мноства сродкаў, якія павышаюць мілагучнасць мовы … У нас ёсць прыдыханні «в», «г». Ужываецца галосная «і» для пазбаўлення ад немілагучных спалучэнняў пры збегу зычных альбо галосных гукаў. У жывой мове яны з'яўляюцца там, дзе павінны быць. Так, напрыклад, скажуць: «зачыніў акно», але «на вакне», «смачныя грушы», але «назбіваў ігруш» і г. д. Зразумела, што можна падаць такія ж прыклады і для прыдыхання «г» («арэх» і «гарэх»). На Магілёўшчыне, калі збягаюцца два «я», адно выкідваецца, нібы ставіцца нейкі «апостраф». У Раманава чытаем: «Папіў-паеў і патом вялеў разбурыць усю турму і распусціць усіх да'днаго нявольнікаў'… Зусім не блага будзе, калі нашы пісьменнікі, асабліва паэты, пацікавяцца гэтымі пытаннямі». Збег некалькіх галосных гукаў называецца аднагалоссем. або шатусам (ад лац. hiatus), і калі не выкарыстоўваецца з пэўнымі стылістычнымі мэтамі, то парушае мілагучнасць мовы («а ў аэрапорце»). У такім выпадку прыбягаюць падчас да сцяжэння, або элізіі (ад лад. elisio - выпадзенне) - скарачэнне аднаго з двух суседніх галосных (як у фальклорным запісе Раманава). Шкодзяць мілагучнасці твора і непатрэбныя збегі зычных («Як крыж жывы, увесь забінтаваны, // Паўгода я, знямелы, праляжаў' - А. Грачанікаў), амфібалія (ад грэч. Amphibolia - двухсэнсавасць, няяснасць) («А колькі ж на свеце ёсць гарадоў! // Мне б іх аб'ехаць або сасніць // За гэткую маласць дзён і гадоў' - Данута Бічэль). Ігнараванне законаў мілагучнасці вершаванай мовы змяншае ўздзеянне мастацкага твора на чытача (слухача).