~~META: title = Эпітэт &keywords = эпітэт &abstract = Што такое эпітэт? Прыклады эпітэтаў &iftrue = nan ~~ ====== Эпітэт ====== Эпітэт (ад грэч. epitheton — прыдатак) — від простага [[слоўнік/троп|тропа]], мастацкае акрэсленне істотнай прыметы якога-небудзь прадмета ці з'явы.\\ Сустракаецца нярэдка ў прозе, найперш у прадстаўнікоў лірычнай стылёвай плыні (у [[постаці/янка-брыль|Янкі Брыля]]: шчодрае неба, пераспелы жаніх, босая вёска, малады смех, бязлобая галава, казённыя вочы), асабліва часта — ў паэзіі.\\ Выражаецца найчасцей прыметнікам («гарачы свой шлях», «без мудрага троса», «прызбе маўклівай» — Аркадзь Куляшоў; «бескапытная дарога», «яршысты снег», «на горкім вяселлі дачкі» — [[постаці/аляксей-пысін|Аляксей Пысін]]; «васільковы спакой, смутак верасу сіні, палыновая памяць тугі», «град буйнакаліберны» — [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгор Барадулін]]; «шматсерыйныя шпіёны» — [[постаці/генадзь-бураўкін|Генадзь Бураўкін]]; «стадыёнаў стадны гром» — Алег Лойка; «пластылінавы месяц», «напеў электронна-дрогкі» — Адам Глобус), а таксама назоўнікам (рак-небарак, жаба-квактуха, муха-звінуха — народная песня, «гуслі-баі», «вяселле-разгул», «рабы-цары» — [[постаці/янка-купала|Янка Купала]], «мароз-мастак» — [[постаці/якуб-колас|Якуб Колас]], «жалеза-слова» — А. Моркаўка, «завея-папрадуха» — С. Гаўрусёў, «прагрэс-папіхач» — А. Грачанікаў), прыслоўем («буяна травы ймкнуць да зор навыперадкі, напярэймы, узахапкі і насупор» — Уладзімір Караткевіч, «упрыглядку на дзяўчат» — Рыгор Барадулін), дзеепрыметнікам ці дзеепрыслоўем (здзічэлы голас, жыў прыпяваючы).\\ Эпітэт адрозніваецца ад звычайнага граматычнага **азначэння** сваёй пераноснай, вобразнай сутнасцю. У мастацкіх творах азначэнне і эпітэты ужываюцца, як правіла, побач, ствараючы агульны яскравы малюнак:«Ціха па мяккай траве сінявокая ноч прахадзіла» ([[творы/максім-багдановіч/творчасць-максіма-багдановіча|Максім Багдановіч]]) — тут ціха і мяккай — азначэнне, сінявокая — эпітэт.\\ Узаемаўзбагачаюць, узаемадапаўняюць адно другое эпітэты і азначэнні і ў наступным вершы [[творы/ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш|Ларысы Геніюш]]: У горы я над тваімі ранамі...\\ Божа, болей Цябе не карай,\\ старажытны, любы, каханы мой,\\ вечна скованы, родны край! \\ Мой курганны, жытні, зубрыны мой,\\ вытрывалы ў агні пакут,\\ Ефрасінін, святы, Скарынавы\\ Беларускі адвечны кут... \\ Вылучаюцца эпітэты **метафарычныя** (сінія песні мора, зялёнае полымя дрэў), **гіпербалічныя** (чалавек-гара), **складаныя** (светлавокая радасць), **іранічныя** (дыпламаваны баран, шматступенчатыя дурні). У фальклоры распаўсюджаны так званыя **пастаянныя эпітэты** (конь вараненькі, гады маладыя, доля горкая).\\ Арыгінальнасць мастакоў слова, перш за ўсё паэтаў, у многім вызначаецца самабытнасцю, непаўторнасцю эпітэтаў, гэтых «стрэлаў у сутнасць» (М. Рыльскі). Яны дапамагаюць лаканічна і вобразна ахарактарызаваць з'яву, даць ёй ацэнку, канкрэтызаваць, вылучыць патрэбную рысу ці адзнаку. Вось некалькі прыкладаў з такімі эпітэтамі: Дай, паэзія, меч прамяністы,\\ Слова-гарт, слова-кліч, слова-бой!\\ Дай палёт мне арліны, агністы,\\ Гімнам-полымем біць да нябёс!\\ (П. Пестрак. «Паэзія») \\ У акенца тваё\\ Я пастукаў зязюльчыным ранкам\\ Пасля салаўі нага вечара\\ І перапёлчынай ночы.\\ ([[постаці/пімен-панчанка|Пімен Панчанка]]) \\ Позняя ягадка позняй спакусы.\\ Вэлюм маёвы растаў па вясне.\\ Запунсавела-прыпухлыя вусны\\ Свецяцца ціха-шчасліва праз снег.\\ ([[творы/яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц|Яўгенія Янішчыц]]. «[[творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-каліна-зімы|Каліна зімы]]») \\ З дапамогай арыгінальнага падваення азначэнняў і эпітэтаў [[творы/максім-танк/пейзажная-лірыка-максіма-танка|Максім Танк]] у вершы «[[творы/максім-танк/максім-танк-пасля-снегападу|Пасля снегападу]]» стварае своеасаблівы малюнак прыходу зімы. Знайсці дакладны эпітэт — справа нялёгкая. Часам паэту даводзіцца забракаваць мноства варыянтаў у пошуках самага аптымальнага, адзіна неабходнага. Так, падбіраючы для верша «Дзве сястры» эпітэт да слова зямля, Янка Купала запісаў і закрэсліў некалькі прыметнікаў: на маркотнай зямлі, на гаротнай зямлі, на скаванай зямлі... Нарэшце было знойдзена патрэбнае слова: «На тутэйшай зямлі дзве сястрыцы жылі...» Увогуле Янка Купала — майстар эпітэтаў. Вось яго некаторыя эпітэты: халодныя песні, пот крывава-чырвоны, лісце струпеўшае, брат слёзнавокі, зямля хлебадайная, чорненькі час.\\ Эпітэт — адзін з самых дзейсных і шырока распаўсюджаных паэтычных тропаў.