~~META: title = Шаіры &keywords = шаіры &abstract = Што такое шаіры? Асаблівасці і прыклады шаіры &iftrue = nan ~~ ====== Шаіры ====== Шаіры — грузінская форма чатырохрадковай страфы сілабічнага верша. У кожным радку — па шаснаццаць складоў, усе радкі рыфмуюцца паміж сабой, рыфмы жаночыя (у т. зв. высокім шаіры — **магалі**) або дактылічныя (у т. зв. нізкім шаіры — **дабалі**).\\ Сустракаецца шаіры ў найдаўнейшых узорах грузінскай паэзіі, але асабліва па-майстэрску выкарыстаны ў паэме Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры», дзе чаргуюцца высокі і нізкі шаіры. Дакладна перадаць рытмічны лад і наогул усю структуру шаіры на славянскіх мовах, у тым ліку на беларускай, бадай, немагчыма. Звычайна «Віцязя ў тыгравай шкуры» ўзнаўляюць васьмістопным [[слоўнік/харэй|харэем]]. Што да [[слоўнік/рыфма|рыфмы]] і [[слоўнік/рыфмоўка|рыфмоўкі]], то некаторыя перакладчыкі паслядоўна чаргуюць строфы з мужчынскай і жаночай рыфмай, лічачы страфу з мужчынскай рыфмай аналагам высокага шаіры, а з жаночай — нізкага шаіры. Рускі паэт К. Бальмонт пры перакладзе паэмы ўжыў перакрыжаваную рыфмоўку з чаргаваннем жаночых і мужчынскіх рыфмаў. Такім жа чынам пераклалі паэму на беларускую мову [[творы/алесь-звонак|Алесь Звонак]] і М. Хведаровіч: Той, хто сілаю магутнай даў Сусвету існаванне,\\ Хто з нябёс паслаў дыханне для істоты нежывой, —\\ Падарыў зямлю нам гэту, ўсю ў шматколерным убранні,\\ А царам зямным надаў ён уладарны выгляд свой. \\ Форму шаіры выкарыстаў [[постаці/максім-танк|Максім Танк]] у вершы, прысвечаным Шата Руставелі («Шаіры»).