Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:цэзура

Гэта старая версія дакумента!


Цэзура

Цэзура (ад лац. caesura — рассячэнне) — пастаянная ўнутрырадковая паўза, якая звычайна праходзіць праз адно і тое ж месца ўсіх вершарадоў паэтычнага твора, напісанага антычным, сілабічным ці сілаба-танічным вершам.
У антычным вершы цэзура дзяліла (рассякала) стапу (адсюль і назва), у сілаба-танічным яна, як правіла, супадае з заканчэннем слова і стапы. Часам, аднак, і рассякае стапу, як гэта заўважаецца ў вершы Петруся Броўкі «Красаванне». Тут цэзура «рассякае» чацвёртую стапу Д6, што падкрэсліваецца нават графічна (вершарад запісваецца ў два радкі):

Ёсць прыгажосць у ранку праменным,

ёсць у змярканні,

Толькі нічога не знаю прыгожай,

як час красавання,

Як разліваюцца белыя вішні,

а слівы, а бэры,

А буйныя ружы, а мак лёгкакрылы,

а сціплы той верас.


У чатырохстопным і пяцістопным вершы цэзура звычайна знаходзіцца пасля другой стапы, у шасцістопным — пасля трэцяй, у сямі- і васьмістопным — пасля чацвёртай. Напрыклад:

Асцярожна, ногі: //

плошча Перамогі!

Спяць бацькі трывожна, //

а над імі — гімн…

Сватала вайна іх , //

ажаніла многіх

Неразлучна з смерцю//

у дамах магіл.

(Алесь Камароўскі. «Паклон»)


Тут, у шасцістопным харэі, цэзура стаіць пасля трэцяй стапы. Яна дзеліць вершарад на дзве палавіны, што падкрэслена графічна.
Цэзура мае рытмастваральнае значэнне, набліжаючыся па сваёй інтанацыйна-сэнсавай ролі да міжрадковай паўзы. Стапа, што знаходзіцца перад цэзурай, можа накшталт клаўзулы быць з нарашчэннем (Цн) ці ўсячэннем (Цу) — падоўжанай на адзін-два склады або, наадварот, зменшанай. Вось чатырохстопны ямб з цэзурным нарашчэннем на адзін склад (Я4Цн1):

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
(Максім Багдановіч)

Няма цэнзуры, ды ёсць цэзура,
Калі за горла хапае страх,
Калі пасе нас, нібы кузурак,
Ахоўна-схоўны таёмны гмах.
(Васіль Зуёнак)

Арыгінальнасць рытма-інтанацыйнаму малюнку верша надаюць Цн і ў харэі. Як, у прыватнасці, у вершы Анатоля Вялюгіна «Чаромхавыя халады» (першыя два радкі):

Па ярах сумётамі — белая чаромха.
Салаўі шалёныя б’юць на ўсе лады.
Заінела пер’е майскага чарота,
выветрыўшы неба,
ходзяць халады.


А вось прыклады з Цу. Верш Янкі Купалы «З кутка жаданняў» напісаны чатырохстопным дактылем з цэзурным усячэннем на адзін склад у няцотных радках (Д4Цу1Д4Д4Цу1Д4):

К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям—
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму Богу і душу аддам.

«Балада пра начлег» А. Пысіна напісана чатырохстопным амфібрахіем з цэзурным усячэннем на адзін склад (Ам4Цу1Ам4Цу1):

Граната ў руках. // Патрон у ствале.
Чаго нам, сябры, // яшчэ не стае!
Стралковая рота// сопку ўзяла.
…Пад намі зямля, // над намі зямля.


Часам цэзурай называюць любы словападзел у радку, а пастаянную працяглую паўзу — медыянай.

слоўнік/цэзура.1755954126.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 13:02 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki