~~META: title = Твор літаратурны &keywords = твор, літаратурны &abstract = Калі тэкст становіцца літаратурным творам? &iftrue = nan ~~ ====== Твор літаратурны ====== Твор літаратурны - завершаны па форме празаічны ці вершаваны тэкст, які адпавядае існуючым у пэўным часе і асяроддзі законам мастацкасці.\\ Літаратурны твор узнікае ў выніку мэтанакіраванай (хоць часам знешне і не заўважанай) працы пісьменніка па вывучэнню і адбору жыццёвага матэрыялу, клапатлівых пошукаў адэкватных сродкаў яго моўнага ўвасаблення (творчая гісторыя), з'яўляецца вынікам інтэнсіўных псіхаэмацыянальных і разумовых высілкаў аўтара (творчы працэс). У літаратурным творы рэалізуецца канцэпцыя чалавека і жыцця ўвогуле, што абумоўліваецца светапоглядам пісьменніка. Праца над літаратурным творам звычайна пачынаецца з узнікнення творчай [[слоўнік/задума|задумы]] - першаснага ўяўлення пра ягоную сутнасць, што прадвызначаецца пафасам творчасці пісьменніка. Увасабляецца ж задума ў канкрэтных жыццёвых з'явах і падзеях, што вобразна паказвае мастак слова (тэматыка), у пытаннях, праблемах, якія ён уздымае (праблематыка), у пэўнай ідэі (грэц. idea - паняцце, уяўленне) — асноўнай думцы, што сцвярджаюцца ўсім моўна-вобразным ладам літаратурнага твора.\\ Нярэдка ў літаратурным творы вылучаецца яшчэ матыў (франц. motif, ад лац. moveo - рухаю) — устойлівы ідэйна-тэматычны ці вобразна-эмацыянальны кампанент, прадвызначаны колам жыццёвых з'яў, ня якія асабліва чуйна рэагуе пісьменнік. Часам адны і тыя ж матывы праходзяць праз шэраг літаратурных твораў і нават усю творчасць пісьменніка, утвараючы [[слоўнік/лейтматыў|лейтматыў]] (ад ням. leitmotiv - вядучы матыў).\\ Тэрмін "матыў' найбольш часта ўжываецца ў дачыненні да паэзіі з яе цягай да сімвалізацыі (бурлівае мора ў [[постаці/алаіза-пашкевіч-цётка|Цёткі]], босыя на пажарышчы ў [[постаці/міхась-чарот|Міхася Чарота]], [[творы/янка-купала/янка-купала-маладая-беларусь|Маладая Беларусь]] у [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]]), але асобныя матывы можна вылучыць у празаічных і драматычных літаратурны творах (тутэйшавізм у Янкі Купалы, дарога і раздарожжа ў Якуба Коласа, станаўленне новага пакалення ў [[творы/кузьма-чорны/жыццёвы-і-творчы-шлях-кузьмы-чорнага|Кузьмы Чорнага]] і інш.).\\ Як правіла, літаратурны твор падпісваецца сапраўдным прозвішчам пісьменніка, радзей - яго [[слоўнік/псеўданім|псеўданімам]], вымышленым прозвішчам (Яська-гаспадар з-пад Вільні, Дзядзька Антон, Мацей Бурачок, Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Васілёк, [[постаці/вера-вярба|Вера Вярба]] і г. д.). У беларускай літаратуры існуе цэлы шэраг [[слоўнік/ананім|ананімных]] літаратурны твораў, аўтарства якіх зусім невядомае або спрэчнае (Тэатр", "Вось цяпер які люд стаў', "Гутарка Данілы са Сцяпанам", "Гутарка пана з селянінам" і інш.).\\ Лепшыя літаратурныя творы, з'яўляючыся найменшай адзінкай літаратурнага працэсу, займаюць прыкметнае месца ў гісторыі нацыянальнай і сусветнай літаратур ("Новая зямля" Якуба Коласа, "Палеская хроніка" Івана Мележа, "Знак бяды" [[постаці/васіль-быкаў|Васіля Быкава]] і інш.).