~~META: title = Танічнае вершаванне &keywords = танічны, вершаванне &abstract = Што такое танічнае вершаванне? Прыклады выкарыстання танічнага вершавання ў беларускай літаратуры &iftrue = nan ~~ ====== Танічнае вершаванне ====== Танічнае вершаванне (ад гр. tonos - націск) — сістэма вершавання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. У той час, калі колькасць такіх націскаў у радках танічным вершаваннем адна і тая ж (ці прыблізна адна і тая ж), колькасць ненаціскных складоў паміж імі - самая розная.\\ Літаратурнае танічнае вершаванне склалася ў XIX - пачатку ХХ стст. на аснове народнага вершавання, танічнага па сваёй прыродзе. Прычым, адразу вызначылася некалькі відаў яго: акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік, акцэнтны. У кожным з іх маецца тое асноўнае, што вызначае танічнае вершаванне увогуле - чаргаванне пэўнай колькасці моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым, кожны з іх валодае сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж моцнымі націскамі.\\ Так, у акцэнтна-складовым вершы, апрача аднолькавай колькасці акцэнтаў, аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках ([[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-смык|"Смык"]] [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішка Багушэвіча]], "Спакойнай ночы!" [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]] і інш.).\\ Тры іншыя віды танічнага вершавання адрозніваюцца паміж сабой колькасцю міжнаціскных інтэрвалаў: у дольніку - 1-2 склады пры спарадычных пропусках апорных (моцных) націскаў ("Права на верш" М. Лужаніна), у тактавіку - 0-1-2 ці (часцей) 1-2-3 ("[[творы/янка-купала/янка-купала-для-зямлі-прадзедаў-маіх|Да зямлі прадзедаў маіх]]" [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]]), у акцэнтным вершы - ад 0 да 8 складоў (верш Маякоўскага).\\ Танічны літаратурны і народны верш пры іх вялікім падабенстве (і там і тут - роўная колькасць моцных націскаў у радках), пры тым, што першы ўзнік пад уплывам другога, — усё ж значна розняцца паміж сабой. І галоўнае адрозненне - у функцыі моцных, або апорных, націскаў. Калі ў народным вершаванні націск выконваў толькі рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя, нават дапаможныя словы, то ў літаратурным танічным вершаванні ён абавязкова прыходзіцца на найбольш значнае па сэнсу слова. Калі ў першым выпадку ён уроўніваў усе словы (гэтаму дапамагала і мелодыя, музычнае суправаджэнне слоўнага тэксту), то цяпер ён, наадварот, падкрэслівае, рытмічна выдзяляе асобныя словы і словазлучэнні.\\ Націскам у танічным вершаванні дапамагаюць шматлікія паўзы, якія адыгрываюць рытмаарганізуючую ролю. Яны аддзяляюць адзін ад аднаго інтанацыйна самастойныя рытмічныя адрэзкі, у цэнтры якіх і знаходзяцца націскі.\\ Першыя ўзоры літаратурнага танічнага вершавання - гэта пераважна стылізацыя "пад народнае" (творы А. Кальцова, "Казка пра рыбака і рыбку" А. Пушкіна, "Песня пра купца Калашнікава" М. Лермантава і інш.). [[творы/тарас-шаўчэнка/жыццё-і-творцасць-тараса-шаўчэнкі|Тарас Шаўчэнка]] на аснове ўкраінскага народнага верша стварыў свой так званы [[слоўнік/каламыйкавы-верш|каламыйкавы верш]]. Танічннае вершаванне атрымала ў яго творчасці аднолькавую колькасць складоў у радках (8+6). Шаўчэнкаўскі каламыйкавы верш аказаў моцны ўплыў ня асобных украінскіх, рускіх і беларускіх паэтаў (П. Тычына, А. Малышка, М. Святлоў, Э. Багрыцкі, Янка Купала).\\ Вялікую ролю ў развіцці танічнага вершавання адыграла наватарская паэзія У. Маякоўскага, якая паўплывала ня ўсю еўрапейскую вершатворчасць, у тым ліку беларускую. Танічнае вершаванне выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Янка Купала ("Тарасова доля", [[творы/янка-купала/янка-купала-бандароўна|"Бандароўна"]]), [[постаці/максім-багдановіч|Максім Багдановіч]] ([[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-страцім-лебедзь|"Страцім-лебедзь"]]), Міхась Чарот ("Босыя на вогнішчы"), а таксама [[постаці/пімен-панчанка|Пімен Панчанка]], Максім Танк. К. Кірэенка, [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгор Барадулін]] і інш. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/квантытатыўнае-вершаванне]] * [[слоўнік/квалітатыўнае-вершаванне]] * [[слоўнік/вершаванне-вершаскладанне]] * [[слоўнік/антычнае-метрычнае-вершаванне]] * [[слоўнік/акцэнтны-чыста-танічны-верш]]