~~META: title = Сістэма вершавання &keywords = Сістэма, вершаванне &abstract = Сістэма вершавання - тып арганізацыі вершаванай мовы. Кароткая гісторыя развіцця беларускіх сістэм вершавання &iftrue = nan ~~ ====== Сістэма вершавання ====== Сістэма вершавання — тып рытмічнай арганізацыі [[слоўнік/вершаваная-мова|вершаванай мовы]], які абумоўлены фанетычнымі асаблівасцямі нацыянальнай мовы, пануючымі ў паэзіі традыцыямі [[слоўнік/вершаванне-вершаскладанне|вершавання]] і залежыць ад сукупнасці структурных адзінак верша, іх будовы, функцый і ўзаемасувязі ў вершаваных радках.\\ Сувязь паміж вершам і музыкай, напевам абумовіла асноўныя асаблівасці [[слоўнік/народнае-вершаванне|народнага вершавання]]. Наяўнасць у старажытнагрэчаскай мове доўгіх і кароткіх складоў прывяла да ўзнікнення [[слоўнік/антычнае-метрычнае-вершаванне|антычнай (метрычнай)]] сістэмы вершавання. У мовах з пастаянным (строга вызначаным) націскам пануе [[слоўнік/сілабічнае-вершаванне|сілабічная]] сістэма вершавання. Мовы з рухомым націскам карыстаюцца [[слоўнік/танічнае-вершаванне|танічнай]] і [[слоўнік/сілаба-танічнае-вершаванне|сілаба-танічнай]] сістэмай вершавання.\\ Надзвычайнае распаўсюджанне ў сусветнай паэзіі ў XX ст. набыў [[слоўнік/свабодны-верш-верлібр|свабодны верш (верлібр)]].\\ Усе сістэмы вершавання так ці інакш звязаны паміж сабой, узаемна ўплываюць (ці ўплывалі) адна на другую. Напрыклад, антычная сістэма вершавання аказала ўплыў на развіццё сілабічнага і сілаба-танічнага верша ў еўрапейскай і ўсёй сусветнай паэзіі, народнае вершаванне — на станаўленне сілаба-тонікі ва ўсходнеславянскай паэзіі, з’явілася асновай літаратурнага танічнага верша і г. д. Кожная сістэма вершавання мае свае вершаваныя віды і формы. У прыватнасці, відамі танічнага верша з’яўляюцца [[слоўнік/акцэнтна-складовы-верш|акцэнтна-складовы]] і [[слоўнік/акцэнтны-чыста-танічны-верш|акцэнтны, або чыста танічны]], верш, [[слоўнік/дольнік|дольнік]], [[слоўнік/тактавік|тактавік]]. У сілаба-тоніцы суіснуюць [[слоўнік/вольны-верш|вольны верш]], вершы з цэзураванымі нарашчэннямі і ўсячэннямі і г. д. У адзін і той жа час у нацыянальнай паэзіі і нават у творчасці аднаго паэта можа ўжывацца некалькі сістэм вершавання. Так, у [[творы/францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча|творчасці Францішка Багушэвіча]] сустракаюцца сілабічныя, сілаба-танічныя і танічныя вершы. [[постаці/максім-танк|Максім Танк]] доўгі час пісаў ледзь не выключна сілаба-танічным і танічным вершам, а ў апошнія гады аддаў перавагу свабоднаму вершу. [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгор Барадулін]] таксама спазнаў метра-рытмічную эвалюцыю. Так, у яго першым паэтычным зборніку «Маладзік над стэпам» (1959) 95,2% твораў былі напісаны сілаба-танічнай сістэмай вершавання і толькі 4,8% — танічнай. А ўжо ў «Нерушы» (1966) сілаба-тоніка і тоніка амаль ураўнаважыліся: 51% твораў адносяцца адпаведна да першай і 49% — да другой сістэмы вершавання (падлікі А. Дуброўскага).\\ У XVI ст. у беларускай паэзіі панаваў народны верш у дзвюх яго разнавіднасцях — музычна-моўнай (песеннай) і інтанацыйна-сказавай (рэчытатыўнай). Існаваў таксама і антычны (метрычны) верш (у творчасці беларускіх паэтаў-лаціністаў — Яна з Вісліцы, Міколы Гусоўскага, I. Іяўлевіча і інш.), але да канца стагоддзя, разам са звужэннем функцыі даўняй латыні ў літаратурным жыцці Беларусі, ён знікае. З пачатку таго ж XVI ст. вядзе сваю радаслоўную і беларуская сілабіка ([[творы/іншае/францыск-скарына|Францыск Скарына]], пазней — А. Рымша, [[творы/іншае/сімяон-полацкі|Сімяон Полацкі]] і інш.), на якую аказвалі ўздзеянне як метрычны, так і народны танічны верш. З канца XVIII ст. на аснове сілабічнага і народнага танічнага верша (асабліва яго сілаба-танічных форм), пад уздзеяннем рускай паэзіі ўзнікае беларуская сілаба-тоніка, якая ў канцы XIX ст. поўнасцю выцясняе сілабіку. З сярэдзіны XIX — пачатку XX ст. да сілаба-танічнай сістэмы вершавання далучаецца літаратурны танічны верш ва ўсіх сваіх відах (акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік, акцэнтны), а таксама свабодны верш (верлібр). Абсяг ужывання народнага верша ў гэты час прыкметна звужаецца, ён працягвае выкарыстоўвацца, бадай, выключна ў вуснай народнай творчасці. Такая кароткая гісторыя развіцця беларускіх сістэм вершавання. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/квалітатыўнае-вершаванне]] * [[слоўнік/вершаванне-вершаскладанне]] * [[слоўнік/квантытатыўнае-вершаванне]] * [[слоўнік/сілабічнае-вершаванне]] * [[слоўнік/антычнае-метрычнае-вершаванне]]