~~META: title = Сінтаксіс літаратурны &keywords = сінтаксіс, літаратурны &abstract = Што такое літаратурны сінтаксіс? Сінтаксіс празаічнай і верашаванай мовы. &iftrue = nan ~~ ====== Сінтаксіс літаратурны ====== Сінтаксіс літаратурны - сістэма сінтаксічнай арганізацыі мовы мастацкай літаратуры.\\ Два тыпы мовы - вершаваная і празаічная - маюць сваю спецыфіку. Сінтаксіс вершаванай мовы больш складаны, чым сінтаксіс мовы празаічнай. Так, даследчыкі адзначаюць, што ў А. Пушкіна, напрыклад, "проза валодае прасцейшым сінтаксісам, чым верш, які валодае намнога больш складаным апаратам суадносін і сувязей" (Б. Тамашэўскі). Аднак гэтая складанасць, дзякуючы асаблівасцям вершаванай мовы, не адчуваецца чытачом (слухачом) твора, не перашкаджае яго разуменню. Наадварот, усе складанасці сінтаксічнай пабудовы верша, калі яны толькі мастацка апраўданы, служаць адной мэце: дапамагчы лепш, больш арганічна выявіць думку і пачуццё паэта.\\ У сістэму літаратурнага сінтаксісу уваходзяць [[слоўнік/рытарычныя-фігуры|рытарычныя фігуры]] (рытарычныя пытанні, звароткі, воклічы). Асаблівым багаццем і разнастайнасцю вылучаюцца стылістычныя фігуры (паўторы, [[слоўнік/недасказ|недасказы]], [[слоўнік/інверсія|інверсіі]] і інш). Усе фігуры літаратурнага сінтаксісу, знаходзячыся ў мастацкім кантэксце і актыўна ўзаемадзейнічаючы паміж сабой, узмацняюць эстэтычную выразнасць і эмацыянальнасць выказвання, пазбаўляюць мову мастацкай літаратуры аднастайнасці, надаюць ёй стылістычную выразнасць, а ў канчатковым выніку - дапамагаюць выявіць вобразную думку пісьменніка, перадаць яго душэўнае хваляванне. Зрэшты, толькі літаратурны кантэкст можа паказаць выяўленчую ролю, якую адыгрываюць у творы тыя ці іншыя рытарычныя або стылістычныя фігуры, што ўваходзяць у сістэму літаратурнага сінтаксісу. Аднак літаратурны сінтаксіс не абмяжоўваецца толькі своеасаблівымі фігурамі. Вядомы даследчык сінтаксічнага ладу вершаваных твораў А. Пушкіна М. Паспелаў слушна падкрэсліваў, што "сінтаксічная адметнасць вершаванага маўлення і большая сінтаксічная складанасць у параўнанні з празаічным маўленнем выяўляецца не толькі ў паўторах, [[слоўнік/анафара|анафарах]] і [[слоўнік/паралелізм|паралелізме]], але і ў большай цеснаце сінтаксічных сувязей унутры вершаваных радкоў, у большай расчлененасці складаных сінтаксічных цэласнасцей самой паслядоўнасцю вершаваных радкоў, у шырокім выкарыстанні далучальных канструкцый, у большай свабодзе словаразмяшчэння, у асобай сінтаксічнай ролі вершаваных пераносаў (eniambements), што абумоўлівае большую спаянасць складаных сінтаксічных цэласнасцей у вершаваным маўленні".\\ Ад літаратурнага сінтаксісу у вырашальнай ступені залежыць характар інтанацыйнага ладу твора, граматычным выражэннем якога, па сутнасці, ён і з'яўляецца.