~~META: title = Сілабічнае вершаванне &keywords = сілабічнае, вершаванне &abstract = Што такое сілабічнае вершаванне? &iftrue = nan ~~ ====== Сілабічнае вершаванне ====== Сілабічнае вершаванне (ад гр. syllabe - склад) — сістэма вершавання, у аснове якой - раўнамернае чаргаванне аднолькавай колькасці складоў у вершаваных радках. Ужываецца пераважна ў мовах з пастаянным націскам у словах: французскай, армянскай, мовах цюркскіх народаў (націск на апошнім складзе), польскай (ня перадапошнім), чэшскай, латышскай, шведскай (на першым) і інш.\\ Асноўнымі [[слоўнік/рытмастваральныя-кампаненты|рытмастваральнымі кампанентамі]] сілабічнага вершавання, апрача аднолькавай колькасці складоў у радках (ад сямі да шаснаццаці; найбольш распаўсюджанымі былі васьмі-. дзесяці-. адзінаццаці-, дванаццаці- і [[слоўнік/трынаццаціскладовік|трынаццаціскладовікі]]), з'яўляюцца: міжрадковыя паўзы, [[слоўнік/клаўзула|клаўзулы]], рыфмы, [[слоўнік/цэзура|цэзуры]].\\ Сілабічнае вершаванне сваёй дасканаласці дасягнула ў французскай і італьянскай паэзіі XІ - XІІІ стст. Адтуль яно ў XV ст. перайшло ў Польшчу. З Польшчы, у сваю чаргу, сілабічнае вершаванне на самым пачатку XVІ ст. прыйшло ў беларускую літаратуру, з'явіўшыся, побач з антычным (метрычным) вершам, адной з першых сістэм вершавання пісьмовай паэзіі Беларусі.\\ Адзін з першых беларускіх узораў сілабічнага вершавання - верш Францыска Скарыны з прадмовы да кнігі "Іова" (1517) "Богу в троицы единому...", у якім, аднак, не ўсе патрабаванні сілабічнага вершавання цвёрда вытрыманы. Пазнейшыя беларускія сілабісты (А. Рымша, Я. К. Пашкевіч, [[творы/іншае/афанасій-філіповіч|Афанасій Філіповіч]] і інш.) больш дакладна трымаліся вышэй названых, я таксама некаторых іншых правіл беларускага сілабічнага вершавання (абавязковасць у вершы сумежнай рыфмоўкі, жаночых клаўзул). Тым не менш і няа іх вершы аказвалі прыкметнае ўздзеянне танічнае народнае вершаванне і жывое беларускае маўленне з яго пераменным націскам у словах.\\ Буйнейшым беларускім сілабістам першай паловы XVІІ ст. быў С. Полацкі (1629 - 1680). Пераехаўшы ў 1664 г. у Маскву, ён у сваёй творчасці перайшоў са старабеларускай мовы на стараславянскую і паклаў пачатак рускаму літаратурнаму вершаванню, таксама сілабічнаму. Сілабічнае вершаванне пратрымалася ў рускай паэзіі да першай трэці XVІІІ ст., пакуль В. Традзьякоўскі і М. Ламаносаў не паклалі пачатак рускай сілаба-тоніцы. Што да беларускай паэзіі, то тут сілабічнае вершавання існавала даўжэй. Яшчэ ў XІX ст. ім карысталіся [[постаці/ян-чачот|Ян Чачот]], [[постаці/ян-баршчэўскі|Ян Баршчэўскі]], [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч]], [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішак Багушэвіч]] і іншыя паэты. З канца XІX ст. беларускае сілабічнае вершаванне, праслужыўшы паэзіі амаль чатырыста гадоў, перастала існаваць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/народнае-вершаванне]] * [[слоўнік/вершаванне-вершаскладанне]] * [[слоўнік/антычнае-метрычнае-вершаванне]] * [[слоўнік/квалітатыўнае-вершаванне]] * [[слоўнік/квантытатыўнае-вершаванне]]