Стылізацыя

Стылізацыя (франц. stylisation) — свядомая імітацыя нейкіх знешніх, фармальных асаблівасцей вядомых фальклорных ці аўтарскіх твораў, літаратуры пэўнага напрамку, стылю пісьменніка або стылю мяўлення.
У гісторыі літаратуры даўно вядомыя стылізацыі, у прыватнасці, заснаваныя на фальклоры пэўных народаў («Гузла» П. Мерымэ, «Песни западных славян» А. Пушкіна, «Вечера на хуторе близ Диканьки» Мікалая Гогаля, «Левша» М. Ляскова і інш.).
Многія творы беларускай літаратуры XX ст. — таксама своеасаблівыя стылізацыі. Так, «Энеіда навыварат» пераймае асобныя рысы (вершаваны памер, сюжэт, асобныя вобразы і г. д.) «Энеіды» І. Катлярэўскага. У форме народнай гутаркі былі вытрыманы ананімныя літаратурныя гутаркі, асобныя творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Янкі Лучыны, Францішка Багушэвіча, артыкулы Кастуся Каліноўскага, што змяшчаліся ім у «Мужыцкай праўдзе», і інш. Выразнымі прыкладамі ўдалых стылізацый у літаратуры ХХ ст. з'яўляюцца створаныя Максімам Багдановічам песні розных народаў (украінскага, сербскага, японскага, іранскага і інш.), "Казкі жыцця" Якуба Коласа, балады Янкі Сіпакова, што склалі яго вядомую кнігу «Веча славянскіх балад».