~~META: title = Страфа &keywords = страфа &abstract = Страфа і страфічная арганізацыя верша. Віды строфаў і іх ужыванне ў беларускай паэзіі &iftrue = nan ~~ ====== Страфа ====== Страфа (гр. strophe - зварот, змена) — рытміка-сінтаксічная еднасць двух ці больш вершаваных радкоў, змацаваная агульнай для іх рыфмоўкай або клаўзацыяй. Аднолькавасць рыфмоўкі або клаўзацыі (размяшчэнне ў строфах рыфмаў або [[слоўнік/клаўзула|клаўзул]]) - важны, але толькі знешні элемент страфічнага комплексу.\\ Асноўнае ў страфе - гэта рытмічная цэласнасць, якая прадвызначае аднароднасць рытмічнага малюнку ў межах аналагічных строфаў, а таксама еднасць інтанацыйна-сінтаксічная, дзякуючы якой строфы набываюць адносную змястоўную завершанасць і самастойнасць, выразна аддзяляюцца адна ад адной міжстрофнымі паўзамі, я на пісьме яшчэ - і графічна (прабеламі).\\ Самыя розныя спалучэнні ў строфах метрычнай, рытмічнай, інтанацыйна-сінтаксічнай будовы радкоў і рыфмоўка даюць у рукі паэта велізарныя магчымасці страфічнай арганізацыі верша. Адно толькі рознае размяшчэнне ў строфах вершаваных радкоў пэўных памераў і выкарыстанне разнастайнай рыфмоўкі дазволілі [[постаці/максім-багдановіч|Максіму Багдановічу]] стварыць 93 віды строфаў.\\ Страфічнасць надае вершу кампазіцыйную завершанасць, дапамагае лепш раскрыць яго ўнутраны змест. Характар страфы залежыць ад ідэйнай задумы, намераў аўтара, яго схільнасцяў, творчай культуры, а таксама канкрэтнага зместу і жанру твора. У лірычных вершах і паэмах звычайна сустракаюцца простыя строфы з двух, трох, чатырох і пяці радкоў, у той час як у эпічных паэмах, вершаваных аповесцях і раманах, што вызначаюцца ўскладнёнай архітэктанічнай будовай, — складаныя, у аснове якіх ляжаць тыя ці іншыя камбінацыі строфаў простых.\\ Звычайна аднолькавыя рыфмы застаюцца ў межах адной страфы, аднак у некаторых класічных відах страфы яны своеасаблівым ланцужком спалучаюць усе строфы, паступова пераходзячы ад адной страфы да другой (напрыклад, у [[слоўнік/тэрцына|тэрцынах]]).\\ Наяўнасць пэўных відаў страфы у паэзіі залежыць ад багацця нацыянальных літаратурных традыцый, сувязей роднай літаратуры з літаратурамі іншых народаў. Адны строфы паступова відазмяняюцца, нават адміраюць, другія выходзяць за нацыянальныя паэтычныя межы, становяцца набыткам сусветнай літаратуры.\\ Першыя беларускія вершы Францыска Скарыны былі напісаны двухрадковай страфой (змешчаны ў прадмове да кнігі "Ісход', 1517). Самая пашыраная страфа беларускай паэзіі - [[слоўнік/чатырохрадкоўе-катрэн|чатырохрадкоўе (катрэн)]] з рыфмоўкай перакрыжаванай (//абаб//), сумежнай (//аабб//) і апаясной (//абба//). Апрача чатырох- і двухрадковых ([[слоўнік/двухрадкоўе|двухрадкоўе]]) строфаў, якімі напісана пераважная большасць беларускіх вершаў, у нашай паэзіі ўжываюцца наступныя строфы: [[слоўнік/трохрадкоўе-тэрцэт|трохрадкоўе, або тэрцэт]] ("...Я не лічыў бы салдатам сябе" [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]]), [[слоўнік/пяцірадкоўе-квінціла|пяцірадкоўе, або квінціла]] ("Смешная геральдыка" М. Лужаніна), [[слоўнік/шасцірадкоўе-секстэт|шасцірадкоўе. або секстэт]] ("[[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-бондар|Бондар]]" [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі|Петруся Броўкі]]), [[слоўнік/сямірадкоўе-септыма|сямірадкоўе, або септыма]] ("[[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-грымотах-ашалелых-веку|У грымотах ашалелых веку]]" [[постаці/васіль-зуёнак|Васіля Зуёнка]], вялікі цыкл сямірадкоўяў [[постаці/ніл-гілевіч|Ніла Гілевіча]]), [[слоўнік/васьмірадкоўе-актэт|васьмірадкоўе. або актэт]] ("Тры мовы" С. Ліхадзіеўскага), [[слоўнік/дзевяцірадкоўе-нона|дзевяцірадкоўе, або нона]] ("Панская ласка" Якуба Коласа) і [[слоўнік/дзесяцірадкоўе-дэцыма|дзесяцірадкоўе, або дэцыма]] ("Палессе" Якуба Коласа). Большыя па аб'ёму строфы сустракаюцца рэдка. У беларускай паэзіі вядомыя яшчэ арыгінальныя [[слоўнік/дванаццацірадкоўе|дванаццацірадкоўе]] (Якуб Колас, "Рыбаковая хата"; Максім Танк, "Журавінавы цвет") і шаснаццацірадкоўе ([[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзь Куляшоў]], "Маналог", "[[творы/аркадзь-куляшоў/цунамі-скарочана|Цунамі]]").\\ Наша паэзія асвоіла многія складаныя віды строфаў, што прыйшлі да нас з іншых літаратур, у тым ліку анегінскую страфу з 14-і радкоў (праз пераклады "Евгения Онегина" А. Пушкіна) і так званыя цвёрдыя формы верша ([[слоўнік/санет|санет]], [[слоўнік/трыялет|трыялет]], [[слоўнік/рандо|рандо]], [[слоўнік/актава|актава]], [[слоўнік/туюг|туюг]], [[слоўнік/секстына|секстына]] і інш.). У пасляваенныя гады ў беларускай паэзіі з'явіліся такія рэдкія формы страфічнай арганізацыі верша, як [[слоўнік/вянок-санетаў|вянок санетаў]], [[слоўнік/віланэль|віланэль]] ("Дзень развітання" С. Панізніка), [[слоўнік/страфа|газэль]] ("Кактэбельская газель" С. Ліхадзіеўскага), [[слоўнік/гашма|гашма]] ("На ўсе вякі" С. Панізніка), [[слоўнік/рытурнэль|рытурнель]] ("Рытурнель" [[творы/эдуард-акулін/творчасць-эдуарда-акуліна|Эдуарда Акуліна]]) і некаторыя іншыя.\\ У паэзіі выразна пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі строфамі (раўнастрофны верш). Аднак пэўная частка вершаў не дзеліцца ня паасобныя строфы, складаецца, па сутнасці, з адной страфы або некалькі [[слоўнік/страфоід|страфоідаў]] - асобных радковых груп, завершаных па думцы і свайму інтанацыйна-сінтаксічнаму малюнку. Падчас у вершаваным творы адны строфы змяняюцца другімі без пэўных заканамернасцяў ([[слоўнік/разнастрофны-верш|разнастрофны верш]]) або ў ім строфы зусім адсутнічаюць ([[слоўнік/астрафічны-верш|астрафічны верш]]).\\ Строфы звычайна не прывязваюцца жорстка да таго ці іншага памеру або паэтычнага жанру, яны - агульны набытак усёй нацыянальнай вершатворчасці.\\ Сярод беларускіх паэтаў асаблівым багаццем страфічнай арганізацыі верша вызначаюцца [[постаці/янка-купала|Янка Купала]], Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Танк, Рыгор Барадулін, [[постаці/янка-сіпакоў|Янка Сіпакоў]], Ніл Гілевіч і інш.\\ Раздзел вершазнаўства, які вывучае розныя віды строфаў, што існуюць у асобнага паэта, нацыянальнай паэзіі ці сусветнай паэзіі ўвогуле, называецца **строфікай**. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/анегінская-страфа]]