~~META: title = Стракаты верш &keywords = стракаты, верш &abstract = Стракаты верш і яго адрозненне ад макаранічнага верша &iftrue = nan ~~ ====== Стракаты верш ====== Стракаты верш — верш, напісаны на дзвюх ці больш мовах.\\ У адрозненне ад [[слоўнік/макаранічны-верш|макаранічнага верша]], у якім словы з розных моў знаходзяцца побач, у адным вершаваным радку, стракаты верш характарызуецца пэўнай сістэмнасцю ва ўжыванні разнамоўнай лексікі. Так, у сярэдневяковых беларускіх [[слоўнік/інтэрмедыя|інтэрмедыях]] паны, багі і чэрці звычайна гаварылі па-польску, а сяляне — па-беларуску. У асобных двухмоўных творах [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/творчасць-вінцэнта-дуніна-марцінкевіча|Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча]] (напрыклад, у «[[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/ідылія-гдз|Ідыліі]]») таксама існавала моўнае размежаванне паміж прадстаўнікамі пануючых класаў, з аднаго боку, і працоўных — з другога (мова першых — польская, другіх — беларуская).\\ У стракатым вершы ўжыванне той ці іншай мовы строга вытрымана ў межах пэўных частак ці асобных [[слоўнік/страфа|строфаў]] твора. Так, у вершы П. Бузука «Як хазяін, чи гість, я не знаю» (1928) першыя восем і апошнія дванаццаць радкоў напісаны па-ўкраінску, сярэднія семнаццаць — па-беларуску. Не толькі зместам, але і самой формай верша «...Дзве мовы у мяне» В. Тарас выявіў арганічную блізкасць для яго дзвюх моўных стыхій — беларускай і рускай. Вось пачатак гэтага верша: Дзве мовы у мяне.\\ Абедзве — чараўніцы.\\ Как в двух родных сестер,\\ в обеих я влюблен.\\ Дзве мовы у мяне —\\ как два крыла у птицы,\\ дзве мовы у мяне —\\ как свет из двух окон. \\ Ва ўмовах усходнеславянскай моўнай і культурнай блізкасці магчыма існаванне стракатых вершаў, напісаных адначасова на трох мовах: беларускай, рускай і ўкраінскай.\\ Відам стракатага верша з’яўляецца т. зв. перыстая газэль — разнавіднасць [[слоўнік/газэль|газэлі]], што пішацца на дзвюх (персідскай і арабскай) або на трох (яшчэ і турэцкай) мовах.