~~META: title = Рыфма &keywords = рыфма &abstract = Рыфма як адзін з важнейшых элементаў паэтыкі. Віды и функцыі рыфмы &iftrue = nan ~~ ====== Рыфма ====== Рыфма (ад гр. rhytmos - плаўнасць, суразмернасць) — паўтаральная сугучнасць асобных слоў ці іх частак на пэўных, адных і тых жа месцах у вершаваных радках.\\ Усталяванасцю сваёй пазіцыі рыфма адрозніваецца ад іншых відаў гукавых паўтораў, што сустракаюцца ў вершы (гл. [[слоўнік/гукапіс-літаратурны|гукапіс літаратурны]]).\\ Рыфма - з'ява гукавая, а не графічная. Таму, зусім зразумела, рыфмаю лучацца гукаспалучэнні тыпу круг - завірух, сад - мат і г. д. У старажытнай беларускай паэзіі (як, дарэчы, і ў іншых даўнаславянскіх) рыфма нярэдка ўтварала супадзенне апошніх складоў, незалежна ад месца націску ў іх (яго - бліжняго, праклятая - святая, рука - лука). Пазней галоўнай прыкметай рыфмы становіцца супадзенне націскных галосных і гукаў, што ідуць управа ад іх. У канцы ХІХ і асабліва ня пачатку ХХ стст. уся ўсходнеславянская рыфма значна "палявела": для яе важным стала супадзенне не паслянаціскных, а пераднаціскных гукаў. Пачалі ўжывацца шырока **недакладныя** рыфмы, у якіх супадалі толькі асобныя гукі. "Левізна" рыфмы -адна з асноўных прыкмет сучаснай усходнеславянскай, у тым ліку беларускай, рыфмы, хоць яе можна сустрэць яшчэ ў першай палове ХІХ ст. (напрыклад, у Пушкіна). Аслабленне сугучнасці паслянаціскных складоў прывяло да ўзмацнення гукавой сузалежнасці не толькі складоў пераднаціскных, але і асобных слоў, што стаяць у вершаваных радках злева ад слоў-рыфмаў (**распыленая** рыфма). У цэлым жа сучасны [[слоўнік/рыфмарый|рыфмарый]], або слоўнік рыфмаў, уключае самыя розныя віды рыфмы, што выпрацавала паэзія амаль за тысячу гадоў свайго рыфменнага развіцца.\\ Рыфма як адзін з важнейшых элементаў паэтыкі верша вызначаецца некалькімі момантамі: характарам і ступенню сугучнасці, размяшчэннем у вершаваных радках (гл. [[слоўнік/рыфмоўка|рыфмоўка]]) і, нарэшце, сваёй функцыяй. Характар і ступень сугучнасці у словах-рыфмах залежыць ад націску, колькасці і якасці гукавых супадзенняў, дакладнасці гэтых супадзенняў, суадносін сугуччаў з сэнсава значнымі словамі. У зарыфмаваных словах абавязкова павінны супадаць націскныя галосныя. Гэтаму не супярэчыць адносна невялікая колькасць **рознанаціскных** рыфмаў (сваім - маладзюсенькім, скончыўся - памыўся).\\ Па месцы націску рыфмы могуць быць з націскам на апошнім складзе (ураган - курган) – **мужчынскія**, на перадапошнім - **жаночыя** (печы - плечы), на трэцім ад канца - **дактылічныя** (долатам - волатам), на чацвёртым (і далей) ад канца - **гіпердактылічныя** (выпешчана - Віцебшчына).\\ У залежнасці ад колькасці і якасці гукавых супадзенняў адрозніваюць рыфмы **багатыя** (у словах-рыфмах супадаюць многія гукі: хмарамі - ударамі), **глыбокія** (супадаюць не толькі націскныя і паслянаціскныя, але, прынамсі, і два пераднаціскныя гукі: асаку - пасяку) і **бедныя** (мужчынскія адкрытыя рыфмы, у якіх супадаюць толькі націскныя галосныя: сям'ю - п'ю).\\ Што датычыць дакладнасці сугуччаў, то вылучаюць рыфмы **дакладныя**, або **поўныя** (супадаюць націскныя галосныя і ўсе наступныя гукі: нівы - шумлівы), а таксама цэлы шэраг **недакладных** (няпоўных. прыблізных). Сярод недакладных рыфмаў бываюць: [[слоўнік/асананс|асанансныя]] (супадаюць толькі зычныя гукі: вышый - вішань), **апорныя**, або **каранёвыя** (супадаюць гукі ў націскных - апорных - складах, пры несупадзенні гукаў паслянаціскных: надзея - сядзела), **усечаныя** (у канцы нейкага са слоў-рыфмаў не дастае для поўнага сугучча аднаго гука,- раса - сад), **рознанаціскныя** (у выразна сугучных словах націскі падаюць на розныя склады: радавалася - гадавалася), **няроўнаскладовыя** (словы, якія рыфмуюцца, пасля аднолькавых націскных складоў маюць розную колькасць галосных: няпроста - выроствалі), **[[слоўнік/анаграма|анаграмныя]]** (у сугучных словах асобныя гукі і нават склады ідуць не ў аднолькавым парадку: слава - звала).\\ Рыфмы, як правіла, спалучаюць сугуччамі два самастойныя словы. Часамі ж сугуччы ахопліваюць і больш слоў, утвараючы **састаўныя** рыфмы (панічы - па начы). Як супрацьлегласць гэтаму сустракаецца (праўда, вельмі рэдка, ды і то ў выглядзе эксперыменту) так званая **ламаная** рыфма, якая "разломвае", дзеліць словы ня часткі.\\ **Функцыі** рыфмы у вершаваным творы розныя і вельмі важныя. Як паўтор сугуччаў, яна ўваходзіць у сістэму гукавой арганізацыі вершаванай мовы і мае, такім чынам, **гукапіснае значэнне**. Інструментоўка верша ў многім залежыць ад колькасці аднолькавых рыфмаў, багацця гукавых супадзенняў у іх, частаты іх размяшчэння ў вершарадах. Рыфма адыгрывае ў вершаваным творы і значную **інтанацыйную** ролю. У прыватнасці, яна садзейнічае (асабліва пры сінтаксічным пераносе) узнікненню лагічнага націску на слове, што стаіць у канцы радка і рыфмуецца з іншым словам верша. Дзякуючы рыфмам часам ствараецца эфект акцэнтна-інтанацыйнай незвычайнасці (рыфмы ламаныя, рознанаціскныя, састаўныя, няроўнаскладовыя).\\ Велізарная роля належыць рыфме ў **рытмічнай арганізацыі** верша. Яна з'яўляецца своеасаблівым сігналам аб заканчэнні вершаванага радка - гэтай рытмічнай адзінкі верша, указвае на месца міжрадковай паўзы. Асабліва гэта важна для вольнага верша, паколькі ў ім рыфма з'яўляецца адзіным фіксатарам канца вершаванага радка. Рыфма уплывае на канкрэтны рытм верша, бо яна - не проста сугучнасць асобных слоў, а сугучнасць, звязаная з моўным націскам. Менавіта таму рыфмы мужчынскія і жаночыя, дактылічныя і гіпердактылічныя, рознанаціскныя, няроўнаскладовыя і састаўныя, ужытыя ў розных камбінацыях, надаюць творам, апрача ўсяго іншага, і своеасаблівы рытмічны малюнак.\\ Рыфма выконвае таксама і **кампазіцыйную** функцыю. Яна не толькі разлучае вершаваныя радкі, але і спалучае іх у страфічныя комплексы, затым гэтыя комплексы аддзяляе адзін ад аднаго, уплываючы тым самым на [[слоўнік/архітэктоніка|архітэктоніку]] ўсяго твора.\\ Унутраная рыфма, у адрозненне ад канцавой, звязвае не радкі, а паўрадкоўі, аднак адыгрывае тую ж рытмічную і кампазіцыйную ролю. Дарэчы, гэтым яна адрозніваецца ад многіх іншых унутраных сугуччаў, у якіх няма строга вызначанага месца ў вершаваных радках.\\ Дзякуючы свайму месцу ў вершарадзе (канец радка, перад міжрадковай паўзай) рыфма падкрэслівае, інтанацыйна вылучае пэўныя словы-паняцці. Апрача таго, яна асацыятыўна звязвае асобныя разуменні, падкрэсліваючы іх семантычную блізкасць або, наадварот, аддаленасць. На гэтай уласцівасці рыфмы засноўваюцца, у прыватнасці, т. зв. **тэматычныя** рыфмы, якія дапамагаюць падкрэсліць найбольш важныя для ўсяго твора паняцці.\\ Такім чынам, незвычайнасць рыфмы, арыгінальнасць і багацце сугуччаў, што яе ўтвараюць, — якасці, якія маюць прамое дачыненне да сэнсу вершаванага твора. Менавіта таму злоўжыванне **банальнымі** рыфмамі, навізна якіх сцёрлася ад частага ўжывання, рыфмамі **выпадковымі**, аднароднымі зніжаюць агульную моц усяго твора, робяць уражанне беднасці творчых магчымасцяў паэта. Гэтаксама залішняе захапленне рыфмамі **рэдкімі** (вышуканымі, экзатычнымі) ідзе толькі на шкоду твору. Акрамя ўжо названых функцый, рыфма выконвае яшчэ адну. Яна мае **мнеманічнае** значэнне - дапамагае хутчэйшаму, лепшаму запамінанню рыфмаваных твораў. Пра гэта сведчыць наступны факт: [[слоўнік/белы-верш|белы верш]] або празаічны тэкст завучыць на памяць значна цяжэй, чым верш рыфмаваны.\\ Усе свае магчымасці рыфма раскрывае ў творы толькі ў цесным узаемадзеянні з іншымі кампанентамі мастацкай формы, служачы, разам з імі, выяўленню думак і пачуццяў вершатворцы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/кансанансная-рыфма-кансананс]]