~~META: title = Рытмастваральныя кампаненты &keywords = рытмастваральныя, кампаненты, рытм &abstract = Рытмастваральныя кампаненты сілабічнага і сілаба-танічнага верша. Галоўныя і дапаможныя рытмастваральныя кампаненты &iftrue = nan ~~ ====== Рытмастваральныя кампаненты ====== Рытмастваральныя кампаненты — сукупнасць моўных з’яў, што ўдзельнічаюць у стварэнні вершавага [[слоўнік/рытм|рытму]]. Характар і колькасць гэтых з’яў залежыць ад [[слоўнік/сістэма-вершавання|сістэмы вершавання]], [[слоўнік/від-верша|віду верша]], творчай індывідуальнасці паэта.\\ Так, галоўнымі рытмастваральнымі кампанентамі [[слоўнік/сілабічнае-вершаванне|сілабічнага]] верша з’яўляюцца чаргаванне аднолькавай колькасці складоў у вершаваных радках, а таксама [[слоўнік/рыфма|рыфмы]], [[слоўнік/клаўзула|клаўзулы]], [[слоўнік/цэзура|цэзуры]]. [[слоўнік/сілаба-танічнае-вершаванне|Сілаба-танічны]] верш ведае мноства **галоўных** і **дапаможных** рытмастваральных кампанентаў, асобныя з якіх уласцівыя для сілабічнага і [[слоўнік/танічнае-вершаванне|танічнага]] вершаў. Перш за ўсё рытм сілаба-танічнага верша ствараецца раўнамерным чаргаваннем у вершаваных радках: 1) націскных і ненаціскных складоў; 2) аднолькавай колькасці складоў; 3) аднолькавых стопаў (выключэнне — [[слоўнік/лагаэд|лагаэды]]); 4) аднолькавай колькасці стопаў (выключаючы [[слоўнік/вольны-верш|вольныя вершы]]); 5) аднолькавай (прыблізна аднолькавай) колькасці націскных складоў; 6) аднолькавай (прыблізна аднолькавай) колькасці ненаціскных складоў; 7) аднатыпных клаўзул; 8) сугуччаў у канцы вершаваных радкоў (рыфма; за выключэннем [[слоўнік/белы-верш|белых вершаў]]); 9) аднатыпных строфаў (за выключэннем [[слоўнік/астрафічны-верш|астрафічных]] і [[слоўнік/аднастрофны-верш|аднастрофных]] твораў); 10) міжрадковых і міжстрофных паўз.\\ Дапаможныя рытмастваральныя кампаненты ў вершы не абавязковыя. Да такіх рытмастваральных кампанентаў адносяцца паўтарэнне адных і тых жа слоў, выразаў, радкоў, строфаў ([[слоўнік/рэфрэн|рэфрэн]], прыпеў), аднолькавых слоў на пачатку ([[слоўнік/анафара|анафара]]) ці ў канцы ([[слоўнік/эпіфара|эпіфара]]) [[слоўнік/радок-вершаваны|вершаваных радкоў]], пастаянных унутрырадковых паўз, аднатыпных сінтаксічных канструкцый, марфалагічных форм і г. д.\\ Для выяўлення пэўнай думкі, падкрэслення асобных слоў і словазлучэнняў паэт звяртаецца і да іншых сродкаў рытмічнай выразнасці. На канкрэтны рытм вершаванага твора вялікі ўплыў аказваюць наяўнасць у ім [[слоўнік/пірыхій|пірыхіяў]], [[слоўнік/спандэй|спандэяў]], [[слоўнік/пераакцэнтуацыя|пераакцэнтуацыі]], міжрадковых пераносаў ([[слоўнік/анжамбеман|анжамбеманаў]]) і інш.\\ Як дапаможныя рытмастваральныя кампаненты успрымаюцца даволі частыя ў паэтычнай практыцы апошняга часу **сцяжэнні** або (радзей) **расцяжэнні стопаў** у сілаба-танічным ці танічным ([[слоўнік/дольнік|дольнік]]) вершаванні, калі ў асобных стопах выпадаюць адзін ці два ненаціскныя склады або з’яўляецца «лішні» склад. Так, у наступным прыкладзе з верша [[постаці/генадзь-бураўкін|Генадзя Бураўкіна]] «…...Патухаюць, цямнеюць высі» сцяжэнні прысутнічаюць у другіх (па парадку) стопах першага і чацвёртага радкоў і ў трэцяй — другога: Гэта я з табой вечарую,\\ Туманамі цябе чарую.\\ Васількоў шапатліваю моваю\\ Зачароўваю, зачароўваю. \\ Нярэдка сустракаюцца і **сцяжэнне** або **расцяжэнне** (радзей) **вершарадоў**, пры якіх [[слоўнік/памер-вершаваны|вершаваны памер]] у асобных вершарадах спарадычна скарачаецца або павялічваецца на адну ці некалькі стопаў. Зразумела, гэта выклікана жаданнем паэта звярнуць увагу на пэўныя, рытмічна выдзеленыя, словы, а тым самым — і на думкі, эмоцыі, што гэтымі словамі выяўляюцца. Дадзеная рытмічная з’ява сваёй функцыяй нагадвае разбіўку вершарадоў на паўрадкоўі або асобныя радкі і запіс іх ці радок пад радком, ці «лесвіцай Маякоўскага», ці нейкім іншым спосабам. Вось прыклады сцяжэння вершарада — ажно да асобнага слова: Жывучы на чужыне, быць можа, няслушна,\\ Недарэчна, але неадступна, хоць плач —\\ Набіваецца дзіўная песенька ў вушы,\\ Ўспамінаецца мне невялічкая птушка —\\ Драч.\\ (М. Лужанін. «Драч»)\\ \\ Няма туды дарогі…... Сон ірвецца…... Каменнае, халоднае здранцвенне…...\\ І — мегатонным выбухам — удар Сэрца.\\ ([[постаці/васіль-зуёнак|Васіль Зуёнак]]. «[[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-сон|Сон]]») \\ А вось прыклад расцяжэння вершарада: Будзе песня звінець жаўруком, пралятаючы далеч,\\ да цябе даляціць — ты хоць раз сірату прытулі...\\ Цёплай, сейбіцкай жменяй мы шчыра жыццё раскідалі,\\ каб вясна расцвіла для людзей і на гэтай пакутнай зямлі.\\ (В. Таўлай. «Таварышу маёй вясны») \\ Часам сярод дапаможных рытмастваральных кампанентаў сустракаюцца і іншыя спосабы рытміка-лагічнага выдзялення слоў ці асобных выразаў — ажно да іх графічнага падкрэслення на пісьме (тлустым шрыфтом або курсівам). Так, у прыватнасці, паступаў [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзімір Караткевіч]]: «На Беларусі Бог жыве», —\\ Так кажа //мой// просты народ.\\ Тую праўду сцвярджае раса ў траве\\ І адвечны зор карагод.\\ («На Беларусі Бог жыве»)\\ \\ Абяцаюць нам новы раскошны дом,\\ Але //тут// нам жыць і канаць,\\ Тут пад кожным навекі здабытым бугром\\ Нашы продкі забітыя спяць.\\ («…...Абяцаюць нам») \\ Аналізуючы паэтычныя творы, у кожным канкрэтным выпадку можна выявіць і іншыя рытмастваральныя кампаненты. Пры адносна невялікай колькасці відаў верша і вершаваных памераў менавіта яны разам узятыя ствараюць непаўторны рытм кожнага з твораў. У кожнага вершаванага твора свой рытм — свой твар. І іх так многа, што, як слушна падкрэсліваў В. Брусаў, «агульны лік магчымых у рускім вершы рытмаў павінен дасягаць дзесяткаў тысяч, можа, і звыш 100 000 рытмаў». Тое ж можна сказаць пра любы нацыянальны верш, у тым ліку і беларускі.\\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/рытм]]