Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:пяцірадкоўе-квінціла

Гэта старая версія дакумента!


Пяцірадкоўе (квінціла)

Пяцірадкоўе, або квінціла (ісп. quintilla, ад лац. quintus — пяты), — страфа, якая складаецца з пяці вершарадоў, злучаных дзвюма (радзей — адной) рыфмамі або клаўзуламі. Рыфмуецца найчасцей па схеме АбААб (АБААБ, аБааБ).
Такой страфой напісаны, у прыватнасці, вершы «Сыходзіш, вёска, з яснай явы» Янкі Купалы, «Ведай, свет…» Міхася Чарота, «Ішлі сябры» А. Александровіча,«Аб чым спяваюць салаўі» Петруся Глебкі і інш.

Смешная геральдыка: мама і тата.
Дзіўная геральдыка: запылены том.
Старая геральдыка: сялянская хата.
Калі мой продак і быў хвастаты,
Дык гэта не значыць, што я з хвастом.
(М. Лужанін. «Смешная геральдыка»)


Радзей сустракаюцца пяцірадкоўі з інакшай кампаноўкай рыфмаў — аБББа, ААБББ, ААбАб:

Ой лес, беларускі наш лес!
Я песень за век свой злажыў табе многа,
У свет праз цябе мне ляжала дарога,
Ты песціў юнацкасць, і цешыць старога
Сягоння твой полаг-навес.
(Якуб Колас. «Лясам Беларусі»)

Дзёгаць і лой мае рукі раз’елі,
Шчокі ў гразі і ў духоце счарнелі,
Краска завяла,
Шчасце прапала, —
Скура забрала…
(Цішка Гартны. «Песні гарбара»)

Стукаюць цяжкія молат за молатам,
Сыплюцца іскра за іскраю золатам,
Бляскі кладуць на зямлі.
Цяжкаю працай заняты тут волаты:
Жыццё куюць кавалі.
(Алесь Гурло. «У жыццёвай кузні»)


Арыгінальным пяцірадкоўем, у якім першы радок халасты, напісаны верш Максіма Танка «У маршы»:

Жыць нам прыйшлося вялікімі днямі,
На пераломе
Жалеза і песні,
У новых маланках, у новым громе.
Свет стары людзям быў цесны.


Рэдкае пяцірадкоўе з адной рыфмай сустракаем у вершы Алега Лойкі «Дыханне»:


Дыханне маё, дыханне —
Зорак на хвалях ваганне,
Жытнёвых ніў калыханне,
З-пад крылаў любві, кахання
Таямніцаў шуганне.


Ва ўсходняй паэзіі пяцірадкоўі ляжаць у аснове своеасаблівага верша — мухамаса. У першай яго страфе адна рыфма яднае ўсе радкі (ааааа), у наступных — толькі першыя чатыры, пятыя ж рыфмуюцца з радкамі першай страфы (бббба вввва гггга…).
Наогул у пяцірадкоўі з дзвюма рыфмамі магчымыя дзесяць варыянтаў рыфмоўкі. З іх беларускай паэзіяй асвоены яшчэ не ўсе. Якуб Колас, у прыватнасці, пяцірадкоўямі напісаў 29 тэкстаў («Мужык», «Вусце», «Баяну-Кабзару», «На ўсходзе сонца», «Дзед і ўнук» і інш.), выкарыстаўшы 7 рыфмова-клаўзуальных схем і 23 мадэлі страфы.

слоўнік/пяцірадкоўе-квінціла.1755954125.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 13:02 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki