~~META: title = Прэмія літаратурная &keywords = прэмія, літаратурная &abstract = Літаратурныя прэміі Беларусі &iftrue = nan ~~ ====== Прэмія літаратурная ====== Прэмія літаратурная — матэрыяльная і ганаровая (грамата, медаль, дыплом) узнагарода за выдатныя дасягненні ў галіне літаратурнай дзейнасці, устаноўленая дзяржавай ці асобнай арганізацыяй.\\ Найбольш ганаровая літаратурная прэмія ў сучасным свеце — Нобелеўская прэмія (прысуджаецца ў Швецыі з 1901). У СССР найвышэйшымі літаратурнымі ўзнагародамі былі Ленінская прэмія (сярод лаўрэатаў — [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі|Пятрусь Броўка]], Іван Мележ, [[постаці/максім-танк|Максім Танк]], [[постаці/васіль-быкаў|Васіль Быкаў]]) і Дзяржаўная прэмія СССР (былая Сталінская; з беларускіх пісьменнікаў яе атрымалі [[постаці/янка-купала|Янка Купала]], Якуб Колас, [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрат Крапіва]], [[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзь Куляшоў]], Пятрусь Броўка, Максім Танк, Іван Шамякін, [[постаці/янка-брыль|Янка Брыль]], Васіль Быкаў, [[постаці/пімен-панчанка|Пімен Панчанка]], [[постаці/аляксей-дудараў|Аляксей Дудараў]]).\\ У нашай краіне самыя прэстыжныя літаратурныя прэміі — Дзяржаўныя прэміі Беларусі, якія прысуджаюцца Урадам рэспублікі за выдатныя творы ў галіне паэзіі і драматургіі (імя Янкі Купалы), прозы і літаратуразнаўства (імя Якуба Коласа). Сярод лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі — Алесь Адамовіч, [[постаці/васіль-вітка|Васіль Вітка]], Анатоль Грачанікаў, У. Калеснік, [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзімір Караткевіч]], [[постаці/андрэй-макаёнак|Андрэй Макаёнак]], Пятрусь Макаль, [[постаці/янка-маўр|Янка Маўр]], Іван Мележ, В. Палтаран, Ю. Пшыркоў, [[постаці/барыс-сачанка|Барыс Сачанка]], Я. Семяжон, [[постаці/іван-чыгрынаў|Іван Чыгрынаў]], [[постаці/алесь-якімовіч|Алесь Якімовіч]] і інш.\\ Існуюць літаратурныя прэміі асобных устаноў і арганізацый (Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза беларускіх пісьменнікаў, прафсаюзаў Беларусі, рэдакцый часопісаў і інш.). Адна з самых ганаровых прэмій апошняга часу - штогадовая прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", якая прысуджаецца і асобным пісьменнікам.