Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:прыпеўка

Гэта старая версія дакумента!


Прыпеўка

Прыпеўка — невялікі, звычайна чатырохрадковы песенны твор (гл. песня) лірычнага ці гумарыстычна-сатырычнага характару. Рыфмоўка прыпеўкі бывае розная: АбАб, АБХБ, ААББ, ааХа, аБаБ, АБАБ і г. д. Карыстаецца прыпеўка, як правіла, харэічнымі памерамі (найчасцей — чатырохстопны харэй або чаргаванне чатырохстопнага харэя з трохстопным). Зрэдку выкарыстоўвае акцэнтна-складовы верш (адна- або двухакцэнтны пяціскладовік):

Дзяўчаткі мае,
Сыраежачкі,
Пасаліў бы я вас, —
Няма дзежачкі.


Узнікла прыпеўка ў перыяд старажытнага сінкрэтычнага мастацтва і доўгі час існавала разам з музыкай і танцам. У ХІХ ст. аддзялілася ад танца, вылучылася ў самастойны жанр.
На аснове народных прыпевак узніклі літаратурныя, якія адасобіліся і ад музыкі. Вось дзве «Камсамольскія прыпеўкі» Кандрата Крапівы:

Нас не любяць, нас баяцца
Поп кудлаты і кулак,
Бо рашыў за працу ўзяцца
Камсамольскі маладняк.

Камсамолачка Дарота!
Пойдзем разам ваяваць, —
Буду біць я з кулямёта,
Ты — патроны падаваць.


Прыклады сучасных народных прыпевак (Звязда. 2003. 20 сакавіка):

З веку марыў селянін,
Каб зажыць багата.
А застаўся, як і быў -
З граблямі, лапатай.

Да галечы, да бядот
Нас давёў калгас «Вперёд».
Каб жыццё пайшло ня лад,
Мо крутнуцца… І - назад?


Аналагічныя беларускім прыпеўкам - рускія частушкі, украінскія каламыйкі, латышскія і літоўскія дайны.

слоўнік/прыпеўка.1755860348.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 10:59 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki