~~META: title = Прыказка &keywords = прыказка &abstract = Прыказка ў беларускай літаратуры. Асаблівасці і адрозненне ад прымаўкі &iftrue = nan ~~ ====== Прыказка ====== Прыказка — устойлівае трапнае народна-паэтычнае выслоўе павучальнага характару, якое ўвасабляе мудрасць і шматвяковы вопыт людзей у той ці іншай галіне гаспадарчай або духоўнай дзейнасці.\\ Прыказкі вызначаюцца завершанасцю і лаканічнасцю формы, яскравай метафарычнасцю, рытмічнасцю мовы, разнастайнасцю сродкаў мастацкай выразнасці. Прыказкі з іх здольнасцю абагульняць жыццёвы вопыт, суадносіцца з многімі з’явамі рэчаіснасці — гэта, па сутнасці, маленькія [[слоўнік/прытча|прытчы]]. Напрыклад: //У родным краю, як у раю//. //Узяўся за гуж, не кажы, што нядуж//. //У нашай Хадоркі адны адгаворкі//. //Калі на галаве шапка скача, то за ім жонка плача//.\\ Ад прыказак часам адрозніваюць прымаўкі. Прыказка «выводзіць правіла, якое пашыраецца на ўсе аналагічныя з’ явы, прымаўка абмяжоўваецца толькі гэтаю канкрэтнаю з’яваю» ([[постаці/кандрат-крапіва|Кандрат Крапіва]]). Таму, напрыклад, //Зяць любіць узяць// — прыказка, а //Наш зяць любіць узяць// — прымаўка.\\ Народныя прыказкі і прымаўкі ў нязменным або некалькі змененым выглядзе часта ўжываюцца ў паэтычных творах, часам нават як назвы (напрыклад, «Гебельс брэша — вецер носіць» Кандрата Крапівы). На выкарыстанні сэнсава-вобразных мажлівасцей народных прыказак цалкам пабудаваны наступны верш [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]]: Кажуць:\\ «Цішэй едзеш — далей будзеш».\\ Мо паверыць?\\ «А за кукіш круп не купіш».\\ А я думаў?\\ «Праўда люба, хоць і груба».\\ Ці заўсёды?\\ «Папрацуеш — смак пачуеш».\\ Мо і праўда.\\ Кажуць: «Смерць вянчае славай».\\ Пачакаю?\\ Паэтыку беларускіх народных прыказак даследаваў М. А. Янкоўскі («Паэтыка беларускіх прыказак». Мн., 1971). Найбольш поўная іх публікацыя — выданне «Прыказкі і прымаўкі» (Уклаў М. Я. Грынблат. Мн., 1976. Кн. 1-2.).