~~META: title = Проза &keywords = проза &abstract = Проза як адзін з тыпаў слоўна-мастацкай творчасці. Беларуская проза &iftrue = nan ~~ ====== Проза ====== Проза (лац. prosa, ад prosa oratio - прамая, прама звернутая мова) - адзін з двух асноўных тыпаў (побач з паэзіяй) слоўна-мастацкай творчасці, заснаваны на празаічнай мове, што, у адрозненне ад вершаванай, не мае закончанай сістэмы рытмічных паўтораў.\\ У прозе некаторыя даследчыкі таксама вылучаюць своеасаблівы рытм, так званы рытм прозы (або тэмпарытм). Але засноўваецца ён не на нейкіх рытмічных адзінках мовы (націсках, колькасці складоў і г. д.), а на асаблівасцях сінтаксічнай пабудовы фразы, законах дыхання і інш.\\ Паміж прозай і паэзіяй ёсць і больш сутнаснае адрозненне. Матэрыялам і інструментам як празаіка, так і паэта з'яўляецца слова. Але ў прозе, якая імкнецца да аб'ектыўнасці адлюстравання рэчаіснасці, на першы план выступае паняційная, змястоўная сутнасць слова (абазначэнне прадмета), у той жа час у паэзіі - вобразная і гукапісная. Сам гукапіс становіцца выяўленчым сродкам, бо музычнасць, побач з вобразнасцю і выразнай эмацыянальнасцю, складае душу паэзіі. Падрабязнай абмалёўцы прадметаў і з'яў, выказванню ў першую чаргу "думак і думак" (А. Пушкін) у найлепшай ступені адпавядае непаспешлівая, натуральная празаічная мова. Што датычыць непасрэднага выяўлення пачуццяў, чым так вызначаецца паэзія, то гэтаму ў найбольшай меры дапамагае мова вершаваная.\\ Проза, асабліва такія яе віды, як раман, аповесць, можа існаваць толькі пры наяўнасці друкарскага станка (у адрозненне ад паэзіі, якая часам існуе і ў вусным пераказе). Таму беларуская проза новага часу ўзнікла даволі позна, у канцы XІX ст. (апавяданні [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішка Багушэвіча]]), і даволі доўга, ажно да пасляваеннага часу, уступала першанство паэзіі. Толькі недзе з 60-х гг., з развіццём сапраўдных творчых мажлівасцей Івана Мележа, Алеся Адамовіча, [[постаці/янка-брыль|Янкі Брыля]], Івана Шамякіна, [[постаці/васіль-быкаў|Васіля Быкава]], А. Асіпенкі, [[постаці/іван-чыгрынаў|Івана Чыгрынава]], [[творы/барыс-сачанка/жыццёвы-і-творчы-шлях-барыса-сачанкі|Барыса Сачанкі]], [[творы/іван-пташнікаў/творчасць-івана-пташнікава|Івана Пташнікава]], [[постаці/вячаслаў-адамчык|Вячаслава Адамчыка]], А. Кудраўца, Алеся Жука і інш., проза, як і належыць высокаразвітай літаратуры, заняла ў ёй вядучае становішча. Больш таго, яна стала перацягваць да сябе пісьменнікаў, што да гэтага вызначыліся ў іншых відах і жанрах літаратуры - паэзіі (Р. Семашкевіч, [[творы/леанід-дайнека/творчасць-леаніда-дайнекі|Леанід Дайнека]], [[постаці/вольга-іпатава|Вольга Іпатава]], В. Коўтун, І. Ляскоў, А. Лойка, [[постаці/янка-сіпакоў|Янка Сіпакоў]]), драматургіі ([[постаці/георгій-марчук|Георгій Марчук]]), літаратурнай крытыцы (С. Александровіч, В. Каваленка, А. Мальдзіс), нават у мовазнаўстве (М. Лобан, Ф. Янкоўскі).\\ Сённяшняя беларуская проза багатая на таленты, скарыстоўвае ўсе асноўныя жанры сучаснага [[слоўнік/эпас|эпасу,]] вядомая далёка за межамі Беларусі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-беларуская-проза-258]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-беларуская-проза]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-гістарычнага-мінулага-беларусі-ў-су]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-проза-беларусі]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-вялікай-айчыннай-вайны-ў-сучаснай-б]]