Прататып

Прататып (гр. prototypon), або правобраз - рэальная асоба, рысы характару, жыццё або асобныя ўчынкі якой паслужылі пісьменніку асновай для створанага ім вобраза літаратурнага.
Ніколі вобраз і прататып не супадаюць цалкам, нават тады, калі прататып нейкага вобраза-персанажа з'яўляецца сам пісьменнік (Андрэй Лабановіч у трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», Алесь Руневіч у рамане Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды" і гэтак далей). Разыходжанні паміж прататыпам і вобразам прадвызначаюцца законамі мастацкай тыпізацыі, розніцаю паміж мастацкім праўдападабенствам і жыццёвай праўдаю. Гэта добра відаць з твораў ня гістарычную тэматыку ("Каласы пад сярпом тваім" Уладзіміра Караткевіча, "Меч князя Вячкі" Леаніда Дайнекі, «Пагоня на Грунвальд» К. Тарасава, «Крыж міласэрнасці» В. Коўтун і інш.). У той жа час наяўнасць прататыпа нярэдка дапамагае пісьменніку ў выбары асноўных рыс характару, падборы яскравых дэталяў і г. д.