~~META: title = Персанаж &keywords = персанаж &abstract = Персанаж літаратурнага твора. Сродкі стварэння вобраза персанажу. &iftrue = nan ~~ ====== Персанаж ====== Персанаж - мастацка пераканальны вобраз чалавека з глыбока і яскрава выяўленымі індывідуальнымі рысамі. Мае непасрэдную сувязь з эстэтычным ідэалам свайго часу, мастацкім метадам пісьменніка.\\ Асноўныя сродкі стварэння вобраза персанажу: дзеянні. учынкі і перажыванні, мова (пра што і як ён гаворыць), прамая аўтарская характарыстыка. характарыстыка вуснамі іншых дзейных асоб, партрэт, пейзаж, апісанне інтэр'ера, гаваркое прозвішча.\\ Аснова вобраза персанажу - той ці іншы характар, аднак паняцце "вобраз-персанаж" шырэйшае за паняцце "характар": яно ўключае не толькі рысы, якія вызначаюць паводзіны чалавека, а і чыста знешнія, партрэтныя, неістотныя, прыватныя. З другога боку, не ўсякі персанаж з'яўляецца характарам.\\ Тэрмін "характар" увёў у шырокі ўжытак старажытнагрэцкі філосаф Тэафраст (ІV - ІІІ ст. да н. э.), апісаўшы з пункту гледжання сатырыка і мараліста 30 характараў ("нудны апавядальнік", "падхалім", "даносчык" і інш.). Чалавечыя характары сталі аб'ектам мастацкага паказу яшчэ ў эпоху антычнасці, але раскрываліся па-рознаму ў розны час. У літаратуры антычнасці псіхалагічная характарыстыка персанажу была абмежаванай. У творах класіцыстаў персанажы ўяўлялі сабой "алегарычную абстракцыю нейкай адной рысы характару'(Гегель), дабрачыннай ці злачыннай. Пэўнай аднабаковасцю вызначаліся персанажы ў сентыменталістаў і рамантыкаў. І толькі рэалізм здолеў стварыць рознабаковыя, шматгранныя вобразы-персанажы, паказаўшы ў канкрэтнай, індывідуалізаванай форме істотныя заканамернасці, мнагастайнасць і складанасць жыцця.\\ Персанаж у рэалістычнай літаратуры - гэта тыповы персанаж, які выяўляе заканамернае ў рэчаіснасці (т. зв. тыпізацыя). Пісьменнікі-рэалісты раскрываюць дыялектыку душы чалавека, глыбока даследуюць яго ўнутраны свет, псіхалогію, ствараюць праўдзівыя, багатыя і цэласныя персанажы, у першую чаргу - пазітыўных герояў.\\ Яркія вобразы-персанажы стварылі беларускія пісьменнікі Якуб Колас (дзядзька Антось, Андрэй Лабановіч, дзед Талаш), [[постаці/янка-купала|Янка Купала]] ([[творы/янка-купала/янка-купала-бандароўна|Бандароўна]], Гусляр), [[творы/кузьма-чорны/жыццёвы-і-творчы-шлях-кузьмы-чорнага|Кузьма Чорны]] (Леапольд Гушка, Міхал Тварыцкі, Люба Лук'янская), Іван Мележ (Апейка, Васіль Дзяцел), [[постаці/янка-брыль|Янка Брыль]] ([[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-|Алесь Руневіч]]), Іван Шамякін (доктар Яраш, Гукан, Антанюк) і інш.\\ Персанажы, у якіх з вялікай мастацкай сілай увасабляюцца найхарактэрнейшыя для людзей пэўнай групы рысы, становіцца тыпам. Сусветная літаратура ведае такія тыпы, як Рамэа і Джульета, Дон-Жуан, Гамлет, Дон Кіхот і інш. Беларуская літаратура дадала да іх некалькі сваіх вобразаў-тыпаў: Мікіта Зносак ([[творы/янка-купала/янка-купала-тутэйшыя|"Тутэйшыя"]] Янкі Купалы), Гарлахвацкі, Туляга ([[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-гдз|"Хто смяецца апошнім"]] [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрата Крапівы]]), Сотнікаў ("[[творы/васіль-быкаў/васіль-быкаў-сотнікаў|Сотнікаў]]" [[постаці/васіль-быкаў|Васіля Быкава]])...\\ Паколькі вобраз-персанаж - гэта адзінства індывідуальнага і агульнага, прыватнага і заканамернага, думкі і пачуцця, то творчыя ўдачы пры яго стварэнні прыходзяць найперш да пісьменнікаў найбольш таленавітых, перадавых па сваіх поглядах, грамадска-актыўных, шырока дасведчаных.\\ Часам у літаратуры ў якасці персанажа выступае не чалавек, я нейкая з'ява, рэальная або містычная, прадстаўнік флоры або фаўны ("Холстомер" Л. Талстога, "Каштанка" Антона Чэхава, [[творы/якуб-колас/якуб-колас-казкі-жыцця|"Казкі жыцця"]] Якуба Коласа, літаратурная фантастыка і інш.). Аднак і ў такім выпадку сродкі стварэння, характар бытавання і функцыі персанажа застаюцца тымі самымі.