~~META: title = Пераклад мастацкі &keywords = Пераклад, мастацкі &abstract = Мастацкі пераклад як дітаратурны твор, віды мастацкага перакладу. Беларускі мастацкі пераклад &iftrue = nan ~~ ====== Пераклад мастацкі ====== Пераклад мастацкі -\\ 1. Від літаратурна-мастацкай творчасці, узнаўленне твора, напісанага на адной мове, выяўленчымі сродкамі другой мовы;\\ 2. Літаратурны твор, што з'яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад іншых відаў перакладу (грамадска-палітычнага, навуковага, тэхнічнага. ваеннага) пераклад мастацкі адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю, блізкасцю да арыгінальнай творчасці.\\ Перакладны мастацкі твор - не даслоўная копія арыгінала і не цалкам новы твор, ён - "нешта трэцяе" (А. Кундзіч), стаіць ня памежжы дзвюх літаратур - у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Мастацкі пераклад з'яўляецца своеасаблівым актам дружбы паміж народамі і пісьменнікамі розных краін, крыніцай інфармацыі пра развіццё іншамоўных культур, сродкам узбагачэння роднай для перакладчыка мовы і літаратуры, арыгінальнай творчасці саміх перакладчыкаў.\\ Паводле характару стаўлення да арыгінала мастацкі пераклад падзяляецца на **аўтарскі** (або **аўтапераклад**; пераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй), **аўтарызаваны** (ухвалены і падпісаны аўтарам), **вольны** (з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці формы арыгінала), **паслоўны** (пераклад "слова ў слова", без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання), **падрадковы** (паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы - рытму, рыфмаў і г. д.), **дакладны** (або **рэалістычны**).\\ Найбольш пашыраны, плённы і мэтазгодны - апошні від мастацкага перакладу. Сучасны рэалістычны мастацкі пераклад патрабуе беражлівага стаўлення да арыгінала, захавання яго ідэйна-вобразнай структуры, асноўных стылёвых рыс і нацыянальных адметнасцей. Неабходна, каб "унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага" (В. Бялінскі).\\ У майстэрскім мастацкім перакладзе твор аказвае на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале.\\ На характар і ўзровень мастацкага перакладу уплываюць ступень развітасці нацыянальнай літаратуры, распрацаванасць літаратурнай мовы, яе разнастайных стыляў, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнаграфічна-бытавая, культурная, палітычная блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў, аднак, не лягчэй, чым з далёкіх. Тут узнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай [[слоўнік/амонімы|аманіміяй]], надзвычайным гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка "на віду" ў чытача, які часта можа адразу ж параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш.\\ Мастацкі пераклад мае канкрэтна-гістарычны характар: перакладчык выступае не толькі як творчая індывідуальнасць, але і прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Таму магчыма існаванне многіх мастацкіх перакладаў аднаго якога-небудзь значнага твора на тую ці іншую мову.\\ У працы перакладчыка вылучаюцца стадыі аналізу і сінтэзу (у рознай паслядоўнасці), таму перакладчык павінен валодаць пазнаннямі і навыкамі вучонага-літаратуразнаўца і талентам арыгінальнага творцы. Абавязковай умовай для яго з'яўляецца валоданне мовай арыгінала, веданне творчасці пісьменніка, якога перакладае, краіны, сацыяльнага асяроддзя, у якіх той жыў і тварыў. Творчая індывідуальнасць перакладчыка выяўляецца ў тым, наколькі глыбока ён успрымае арыгінальны твор і якімі сродкамі, як дакладна, мастацка дасканала ўзнаўляе яго ў стыхіі сваёй мовы. Важная умова высакаякаснага мастацкага перакладу - блізкасць творчых прынцыпаў, пазіцый, характару таленту перакладчыка і аўтара арыгінала.\\ Сярод усіх разнавіднасцяў мастацкага перакладу найбольшай складанасцю вылучаецца пераклад паэзіі. Тут да ўсіх пералічаных асаблівасцяў і цяжкасцяў пераўвасаблення твора сродкамі іншай мовы дадаюцца новыя: узнаўленне рытмічнага малюнку арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаны з "адзінствам і цеснатой вершаванага раду" (Ю. Тынянаў), перадачай паэтычнай тропікі і г. д.\\ Пачатак беларускаму мастацкаму перакладу паклаў Францыск Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабеларускай мове 23 кнігі "Бібліі" (1517-1519). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыцыйнага пры перакладзе "Бібліі" літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэтычнай творчасці, народныя прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і г. д.). Традыцыі Скарыны развівалі далей [[творы/іншае/сымон-будны|Сымон Будны]], Васіль Цяпінскі, [[слоўнік/ананім|ананімныя]] перакладчыкі жыційнай літаратуры ("Жыціе святой Марыны"), [[слоўнік/апокрыф|апокрыфаў]] ("Страцім-птах", "Пра дванаццаць пакутаў'), аповесцяў рэлігійнага зместу ("Аповесць пра трох каралёў'), рыцарскіх раманаў ("Александрыя", "Аповесць пра Трышчана"), гістарычных аповесцяў ("Гісторыя пра Атылу", "Аповесць пра Скандэрбега") і інш. твораў. На жаль, гэтыя традыцыі пазней былі перапынены ў выніку паланізацыі беларускіх зямель.\\ Новы, так званы вопытны, перыяд беларускага мастацкага перакладу пачынаецца ў XІX ст., разам з узнікненнем новай беларускай літаратуры. Родапачынальнік яго - [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч]], які ўзнавіў па-беларуску "Пана Тадэвуша" [[постаці/адам-міцкевіч|Адама Міцкевіча]] (1859, захаваўся пераклад толькі першага раздзела паэмы). [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/арцём-вярыга-дарэўскі|Арцём Вярыга-Дарэўскі]], [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/альгерд-абуховіч|Альгерд Абуховіч]], [[постаці/адам-гурыновіч|Адам Гурыновіч]], [[постаці/янка-лучына|Янка Лучына]], [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/марыя-косіч|Марыя Косіч]], [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/аляксандр-ельскі|Аляксандр Ельскі]] і інш. развівалі галоўным чынам вольны, або выпраўленчы, мастацкі пераклад, пры якім змяняліся паасобныя рэаліі арыгінала (час і месца дзеяння, прозвішчы герояў і г. д.).\\ Асновы беларускага рэалістычнага мастацкага перакладу заклалі [[постаці/янка-купала|Янка Купала]], [[постаці/максім-багдановіч|Максім Багдановіч]] і Якуб Колас. Янка Купала беражліва данёс да беларускага чытача непаўторны водар "Слова пра паход Ігаравы", паэзію Адама Міцкевіча, [[творы/тарас-шаўчэнка/жыццё-і-творцасць-тараса-шаўчэнкі|Тараса Шаўчэнкі]], М. Някрасава, [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля|Уладзіслава Сыракомлі]], М. Канапніцкай. Максім Багдановіч упершыню даў на беларускай мове ўзоры антычнай лірыкі (Гарацый, Авідзій), класічнай нямецкай, французскай і бельгійскай паэзіі (Гейне, Верлен, Верхарн), народна-песеннай творчасці асобных народаў (рускіх, украінцаў, сербаў, іспанцаў і інш.). Якуб Колас узнавіў па-беларуску "Палтаву" Пушкіна, "Дэман" Лермантава, многія творы Тараса Шаўчэнкі.\\ Класікі беларускай паэзіі пакінулі ў спадчыну асноўныя прынцыпы мастацкага перакладу: перакладаць неабходна толькі тыя творы, якія б узбагачалі родную літаратуру, культуру, развівалі нацыянальную літаратурную мову; мастацкі пераклад - плод любові, а не разліку; перакладчык павінен дасканала валодаць як мовай, ня якую перакладае, так і мовай арыгінала; у мастацкім перакладзе павінен узнаўляцца стыль аўтара, асноўныя нацыянальныя асаблівасці першакрыніцы; дакладнасць мастацкага перакладу - гэта не даслоўнасць, а дакладнасць у перадачы ідэйна-вобразнай структуры іншамоўнага твора; мастацкі пераклад, як і арыгінал, павінен валодаць несумненнымі эстэтычнымі якасцямі.\\ Гэтыя і некаторыя іншыя прынцыпы мастацкага перакладу, узбагачаныя вопытам іншанацыянальных перакладчыкаў развівалі далей Ю. Гаўрук, [[постаці/уладзімір-дубоўка|Уладзімір Дубоўка]], [[творы/кузьма-чорны/жыццёвы-і-творчы-шлях-кузьмы-чорнага|Кузьма Чорны]], [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі|Пятрусь Броўка]], Пятрусь Глебка, [[постаці/алесь-дудар|Алесь Дудар]], Ю. Таўбін і інш.\\ Асаблівага росквіту беларускі рэалістычны пераклад дасягнуў у пасляваенныя гады, калі на поўную моц раскрыўся перакладчыцкі талент [[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзя Куляшова]], [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]], [[постаці/янка-брыль|Янкі Брыля]], [[постаці/максім-лужанін|Максіма Лужаніна]], [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгора Барадуліна]], П. Бітэля, А. Зарыцкага, [[постаці/ніл-гілевіч|Ніла Гілевіча]], В. Коўтун, Алега Лойкі, Петруся Макаля, [[творы/ніна-мацяш/творчасць-ніны-мацяш|Ніны Мацяш]], Алеся Разанава, Я. Семяжона, В. Сёмухі, Янкі Сіпакова, У. Скарынкіна, А. Траяноўскага, К. Цвіркі і інш.\\ У апошняе дваццацігоддзе пачала складвацца, нарэшце, гісторыя і тэорыя беларускага мастацкага перакладу, у распрацоўку якой свой уклад унеслі С. Александровіч, В. Гапава, А. Верабей, М. Кенька, П. Копанеў, Ц. Ліякумовіч, Э. Мартынава, М. Навіцкі, В. Рагойша, А. Яскевіч і інш.\\ З меншай інтэнсіўнасцю, але таксама выразна заявіла пра сябе крытыка перакладу (артыкулы і [[слоўнік/рэцэнзія|рэцэнзіі]] М. Арочкі, Р. Бярозкіна, Т. Кабржыцкай, Л. Казыры, У. Калесніка, В. Небышынца, В. Нікіфаровіча, І. Чароты, К. Шэрмана і інш.).\\ Гісторыя, тэорыя і крытыка мастацкага перакладу аказваюць пэўны ўплыў на перакладчыцкую практыку, ацэньваючы яе прынцыповыя здабыткі, звяртаючы ўвагу на нявырашаныя праблемы.