~~META: title = Паэтыка &keywords = паэтыка &abstract = Што такое паэтыка? Агульная паэтыка, апісальная (аўтаразнаўчая) і гістарычная &iftrue = nan ~~ ====== Паэтыка ====== Паэтыка (гр. poietike - паэтычнае мастацтва) - раздзел [[слоўнік/тэорыя-літаратуры|тэорыі літаратуры]], які вывучае структуру, характэрныя асаблівасці і змястоўнасць літаратурна-мастацкай формы.\\ У шырокім сэнсе паэтыка - тое, што тэорыя літаратуры. Падзяляецца ня агульную, апісальную (аўтаразнаўчую) і гістарычную.\\ **Агульная** паэтыка разглядае ўсе магчымыя спосабы і сродкі ўвасаблення аўтарскай задумы, іх адпаведнасць літаратурным родам, відам, жанрам. Напрыклад, паэтыка верша аналізуе яго мову, сінтаксіс, тропы, строфіку, [[слоўнік/рытміка|рытміку]], рыфмы, гукапіс, паэтычную інтанацыю, жанры.\\ **Апісальная** **(аўтаразнаўчая)** паэтыка даследуе эстэтычныя кампаненты твораў асобнага пісьменніка, літаратурнага напрамку або цэлага перыяду нацыянальнай літаратуры (паэтыка [[постаці/янка-купала-коратка|Янкі Купалы]], рамантызму, старабеларускай літаратуры і г. д.). Вызначае індывідуальныя, а таксама агульныя рысы мастацкай формы ў творчасці пісьменнікаў пэўнай эпохі і краіны.\\ Прадмет **гістарычнай паэтыкі** - паходжанне і развіццё розных мастацкіх кампанентаў ([[слоўнік/эпітэт|эпітэт]], метафара, метрыка верша і інш.) і катэгорый у залежнасці ад сацыяльных і чыста літаратурных умоў. Шырока карыстаецца параўнальна-гістарычным метадам даследаванняў, імкнецца абагуліць вынікі сусветнага літаратурнага працэсу.\\ Вывучэнне паэтыкі ў беларускім літаратуразнаўстве мае багатыя традыцыі (выклад тэорыі паэзіі ў "Граматыцы славянскай" Л. Зізанія. Вільня, 1596; "Курс паэтыкі" М. К. Сарбееўскага. Полацк, 1618-1627 і інш.). Аднак у выніку складанасці літаратурнага працэсу ў XVІІІ-XІX стст. новы этап у вывучэнні паэтыкі пачынаецца толькі ў пачатку XX ст., у працах Максіма Багдановіча. Яго меркаванні пра суадносіны метра і рытму, метра і рыфмы, пра т. зв. навуковую паэзію, тэарэтычны [[слоўнік/нарыс|нарыс]] пра санет і інш. мелі прынцыповае значэнне для развіцця беларускай тэорыі вершаванага слова.\\ У 20-я г. г. апісальная паэтыка папоўнілася працамі А. Узнясенскага "Паэтыка М. Багдановіча" (1926), [[постаці/ян-баршчэўскі|Яна Баршчэўскага]] "Тэорыя санету" і "Паэтыка літаратурных жанраў" (абедзве - 1927), даследаваннем [[постаці/уладзімір-дубоўка|Уладзіміра Дубоўкі]] "Рыфма ў беларускай народнай творчасці" (1927) і інш.\\ У 30-50 гг. савецкае літаратуразнаўства да вывучэння паэтыкі літаратурных твораў амаль не звярталася. Увага да агульнай і аўтаразнаўчай паэтыкі прыкмячаецца толькі з пачатку 60-х гг. З гэтага часу ў Беларусі пачынаецца вывучэнне гісторыі і тэорыі беларускага верша (І. Ралько, М. Грынчык, В. Рагойша, А. Кабаковіч, В. Ярац), яго кампазіцыйных асаблівасцей, паэтычнай вобразнасці (І. Шпакоўскі, А. Яскевіч), паэтыкі рамана (В. Жураўлёў), праблем псіхааналізу ў літаратуры (А. Матрунёнак), стылю (М. Арочка, В. Бечык, Л. Гусева), рытмічнай арганізацыі мастацкага тэкста (А. Яскевіч), мастацкіх асаблівасцей асобных фальклорных жанраў (М. Янкоўскі, [[постаці/ніл-гілевіч|Ніл Гілевіч]], А. Ліс, І. Цішчанка, Г. Барташэвіч, А. Фядосік, Л. Салавей) і інш.