~~META: title = Паэма &keywords = паэма &abstract = Паэма як адзін з відаў ліра-эпічнай паэзіі. Віды паэмаў &iftrue = nan ~~ ====== Паэма ====== Паэма (гр. poiema, ад poien - тварыць) — адзін з відаў [[слоўнік/ліра-эпічныя-жанры|ліра-эпічнай]] паэзіі; вялікі па свайму памеру вершаваны твор, у якім важныя праблемы рэчаіснасці раскрываюцца адначасова эпічнымі (наяўнасць у творы сюжэта, персанажаў) і лірычнымі ([[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|вобраз лірычнага героя]], шматлікія лірычныя адступленні) сродкамі.\\ У паэме прысутнічаюць нярэдка і элементы драмы ў выглядзе скразнога напружана-канфліктнага дзеяння, [[слоўнік/маналог|маналогаў]] і дыялогаў. Падчас гэтыя элементы пераважаюць настолькі, што ўзнікае своеасаблівая разнавіднасць - **драматычная паэма**, якая будуецца, як і звычайная п'еса, у дыялагічнай форме ([[творы/янка-купала/янка-купала-адвечная-песня|"Адвечная песня"]], "[[творы/янка-купала/янка-купала-сон-на-кургане|Сон на кургане]]" [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]], "Святло з Усходу" Петруся Глебкі, "Xамуціус" [[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзя Куляшова]]).\\ Разам з тым пэўная ліра-эпічная раўнавага ў паэме можа парушацца на карысць [[слоўнік/эпас|эпасу]], і тады мы маем справу з **эпічнымі паэмамі**. Да іх належаць старажытнагрэцкія "Іліяда" і "Адысея", асобныя рускія быліны, украінскія [[слоўнік/дума|думы]], "Слова пра паход Ігаравы", "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-пан-тадэвуш|Пан Тадэвуш]]" [[постаці/адам-міцкевіч|Адама Міцкевіча]], "Новая зямля" Якуба Коласа.\\ У **лірычных паэмах**, наадварот, пераважае лірыка як характар светабачання і спосаб адлюстравання жыцця ("Патрыятычная песня" [[постаці/пімен-панчанка|Пімена Панчанкі]], "Штодзённы лістапад" С. Гаўрусёва, "Лясная песня" Алега Лойкі).\\ Аднак такое "парушэнне раўнавагі" - з'ява не асабліва частая. Звычайна мы заўважаем у паэме своеасаблівую гармонію лірычнага, эпічнага і драматычнага пачаткаў.\\ Беларуская паэма узнікла як паэма эпічная. Яскравым яе ўзорам з'яўляецца сярэдневяковая "[[творы/мікола-гусоўскі/мікола-гусоўскі-песня-пра-зубра|Песня пра зубра]]" Міколы Гусоўскага (на лацінскай мове).\\ Новая беларуская літаратура распачыналася [[слоўнік/ананім|ананімнымі]] **бурлескна-травесційнымі паэмамі** "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе". Дзевятнаццатае стагоддзе нарадзіла **рамантычную паэму** ("Мачыха" Адэлі з Устроні, [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/вінцэнт-дунін-марцінкевіч-вечарніцы|"Вечарніцы"]] і "Купалле" [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча]]), якую на пачатку XX ст. распрацоўвалі Янка Купала ("[[творы/янка-купала/янка-купала-магіла-льва|Магіла льва]]", [[творы/янка-купала/янка-купала-бандароўна|"Бандароўна"]], "[[творы/янка-купала/янка-купала-яна-і-я|Яна і я]]") і Якуб Колас ("Сымон-музыка"). Аднак у гэты час пануючае становішча пачынае займаць **паэма рэалістычная**. для якой характэрна тыповасць характараў, абставін, праблем, што адлюстроўваюцца паэтамі.\\ Дасягненні беларускай літаратуры XX ст. у значнай ступені звязаны з актыўным развіццём рэалістычнай паэмы, яе разнастайных відаў і форм. Пашырэнне атрымалі наступныя жанравыя разнавіднасці паэмы: **героіка-патрыятычная** ([[творы/янка-купала/янка-купала-безназоўнае|"Безназоўнае"]] Янкі Купалы, [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-сцяг-брыгады|"Сцяг брыгады"]] Аркадзя Куляшова), **героіка-рэвалюцыйная** ("Песня пра сухар" В. Таўлая, "Нарач" [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]]), **сацыяльна-палітычная** ([[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-голас-сэрца|"Голас сэрца"]] [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі|Петруся Броўкі]], "Балада Брэсцкай крэпасці" [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгора Барадуліна]]), **сацыяльна-бытавая** ("Сто вузлоў памяці" [[постаці/ніл-гілевіч|Ніла Гілевіча]], "Куфар" [[творы/ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш|Ларысы Геніюш]]), **гістарычная** ("Каліноўскі" Максіма Танка, "Слова пра чалавечнасць" [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзіміра Караткевіча]]), **філасофская** ("Яго вялікасць" А. Русецкага), **сатырычная** ("Xвядос - Чырвоны нос" [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрата Крапівы]], "Лявоніха" М. Лужаніна) і інш.\\ Моцны лірычны пачатак, павышаная эмацыянальнасць вершаванай мовы, характэрныя для паэмы, надаюць асаблівую важнасць аб'екту паэтычнага адлюстравання, пэўным чынам узвялічваюць яго. Менавіта таму паэмай зрэдку называюць нават празаічныя творы (раманы, аповесці), якія вылучаюцца асаблівым лірызмам, узнёслым пафасам, важкасцю і глыбінёй прадмета гаворкі. З такіх **празаічных паэм** можна назваць "Мёртвыя душы" М. Гогаля, "Педагагічную паэму" А. Макарэнкі, "Паэму пра мора" А. Даўжэнкі, "Чазенію" Уладзіміра Караткевіча, "Вандроўнае шчасце" К. Кірэенкі (падзагаловак: "Рыбацкая паэма") і інш.\\ Асобая разнавіднасць паэмы - творы, напісаныя [[слоўнік/свабодны-верш-верлібр|верлібрам]] або празаічнай моваю, т. зв. **паэмы ў прозе**. Кнігу своеасаблівых паэм у прозе "[[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-ахвярны-двор|Ахвярны двор]]"(1991) выдаў [[постаці/янка-сіпакоў|Янка Сіпакоў]]. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/адам-міцкевіч/балады-і-паэмы-адама-міцкевіча]]