~~META: title = Параўнанне &keywords = параўнанне &abstract = Параўнанне - адзін з відаў тропа &iftrue = nan ~~ ====== Параўнанне ====== Параўнанне - від тропа, у якім сутнасць аднаго прадмета, з'явы ці паняцця вытлумачваецца праз супастаўленне іх з падобнымі іншымі, больш або менш вядомымі ўспрымальніку літаратурнага твора.\\ У параўнанні ўзаемадзейнічаюць абедзве часткі супастаўлення - і тое, што параўноўваецца, і тое, з чым параўноўваецца. Граматычна параўнанні афармляюцца па-рознаму, найчасцей - з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў (як, нібы, быццам, няйначай і інш.). Параўнанне дапамагае зрабіць паэтычны малюнак яскравым, зрокава наглядным, жывапісным, даць яму пэўную ацэнку.\\ Так, калі [[постаці/янка-купала|Янка Купала]] піша: "Свеце месяц, свеце,%%//%% Як лысіна ў пана", — то гэтае параўнанне найперш дае магчымасць зрокава больш-менш дакладна ўявіць і тое, што параўноўваецца (аб'ект параўнання: месяц), і тое, з чым параўноўваецца (суб'ект параўнання: лысіна). Разам з тым у параўнанні заключана і пэўнае стаўленне паэта да суб'екта параўнання (гумарыстычна-іранічнае), і аўтарская ацэнка яго (выразна негатыўная, бо гэта лысіна пана-прыгнятальніка).\\ Параўнанне можа выражацца творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, часам часткі параўнання злучаюцца інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю ("[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-сняжынкі|Сняжыначкі-пушыначкі]] %%//%% Ляцелі матылькамі...", Змітрок Бядуля; "Вабіў хлопца мілы тварык, %%//%% Белы-белы, быццам лотас, %%//%% І каса чарней ад хмары", М. Лужанін; "Вочы Ганніны - дзве зоркі, %%//%% Броўкі - выгібы крыла, %%//%% Грудкі - дзве блізніцы-горкі. %%//%% Як сад, Ганна расцвіла", Якуб Колас).\\ У паэзіі нярэдка сустракаецца адмоўнае параўнанне, у якім пры знешнім супрацьпастаўленні двух з'яў маецца іх глыбокае ўнутранае падабенства: "Ой, не хмарка градавая%%//%% Ў полі ніўку косіць,%%//%% — Секвестратар за падаткі%%//%% Нечы пот выносіць" (С. Крывец).\\ Асобны від параўнання - разгорнутае параўнанне, у якім падаецца разгорнуты малюнак пэўнай з'явы. Здараецца, увесь твор будуецца на адным разгорнутым параўнанні. Такі, у прыватнасці, верш Максіма Багдановіча "...Зразаюць галіны таполі адну за другой", у якім разгорнуты малюнак прыроды (першая палова верша) праецыруецца на з'явы грамадскага жыцця (другая палова верша).