~~META: title = Паралелізм &keywords = паралелізм &abstract = Паралелізм у паэзіі і яго віды (рытмічны, гукавы, сінтаксічны, страфічны, псіхалагічны) &iftrue = nan ~~ ====== Паралелізм ====== Паралелізм (ад грэч. paralllos — той, што ідзе побач; паралельны) — сінтаксічна-кампазіцыйны прыём паралельнага размяшчэння аднатыпных элементаў паэтычнага выказвання (з’яў, вобразаў, матываў і г. д.), што супастаўляюцца паміж сабой.\\ У адпаведнасці з тым, на якім узроўні — рытмічным, гукавым, сінтаксічным, страфічным, псіхалагічным — адбываецца гэта супастаўленне, вылучаюць розныя віды паралелізму.\\ **Сінтаксічны** паралелізм — гэта аднолькавая сінтаксічная будова суседніх вершаваных радкоў. Вось прыклад з народнай песні: Я б паслала пасол — не смею,\\ Напісала б лісток — не ўмею,\\ І пайшла б я сама — баюся,\\ Доўгая дарога — стамлюся. \\ Для народнай паэзіі надзвычай характэрны **псіхалагічны** паралелізм, пры якім з’явы чалавечага жыцця суадносяцца са з’явамі прыроды: — Зялёная дубровачка,\\ Чаго рана шумець стала?\\ Яшчэ ветры не веялі,\\ Дробны дажджы не капалі. \\ — Маладая дзяўчыначка,\\ Чаго рана плакаць стала?\\ Яшчэ сваты не ехалі,\\ Цябе, маладу, не сваталі. \\ Тут псіхалагічны паралелізм дапаўняецца **страфічным**, паколькі два супастаўленыя комплексы лексічна і сінтаксічна ўкладваюцца ў аднолькавыя строфы. На псіхалагічным паралелізме поўнасцю пабудаваны верш [[постаці/пімен-панчанка|Пімена Панчанкі]] «...Трэснула, грукнула, грымнула з покатам». Вось дзве заключныя страфы гэтага верша, у якіх другія — «чалавеказнаўчыя» — паловы [[слоўнік/чатырохрадкоўе-катрэн|чатырохрадкоўяў]] узяты нават у дужкі: \\ Я навальніцы люблю ачышчальныя,\\ Што працінаюць да донца душы.\\ (Кажуць, не прымуць больш касы ашчадныя\\ У сейфы свае махляроў барышы).\\ \\ Смолкія почкі маланкай палушчаны,\\ Свежа і зелена. Ясныя дні.\\ (Кажуць, што заўтра усе алілуйшчыкі\\ Выступяць супраць сваёй балбатні). \\ Часам у паэзіі, і ў першую чаргу ў народнай, выкарыстоўваецца так званы **адмоўны** паралелізм, калі адны нейкія з’явы, прадметы падаюцца праз адмаўленне іншых. Адмоўным паралелізмам, у прыватнасці, пачынаецца паэма [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]] [[творы/янка-купала/янка-купала-бандароўна|«Бандароўна»]]: Не віхор калыша лесам,\\ Не ваўкі заводзяць,\\ Не разбойнікі гурбою\\ За здабычай ходзяць.\\ \\ На Ўкраіне пан Патоцкі,\\ Пан з Канёва родам,\\ З сваёй хеўрай гаспадарыць\\ Над бедным народам. \\ Паралелізм у некаторых сваіх формах блізкі да [[слоўнік/параўнанне|параўнання]]. Але паралелізм, апрача таго, што супастаўляе з’явы, выконвае і кампазіцыйную функцыю (наладжвае структурную сувязь двух або некалькіх стылістычных кампанентаў), якой пазбаўлена параўнанне.\\ Сінтаксічны паралелізм пасадзейнічаў калісьці ўзнікненню верша (у выглядзе паралельных сінтаксічных радоў), з’яўленню рыфмы (яна завяршала і фанічна падкрэслівала гэтыя рады).