~~META: title = Навуковая паэзія &keywords = навуковая, паэзія &abstract = Што такое навуковая паэзія? &iftrue = nan ~~ ====== Навуковая паэзія ====== Навуковая паэзія — жанравая разнавіднасць [[слоўнік/медытацыя|медытатыўнай лірыкі]], аб'ектам якой з'яўляюцца навуковыя тэорыі, адкрыцці, гіпотэзы.\\ Тэрмін навуковая паэзія ўпершыню ўвёў у літаратуразнаўства французскі пісьменнік Р. Гіль ("Трактат пра слова", 1896). Такую паэзію актыўна развіваў і прапагандаваў рускі паэт В. Брусаў — як у тэарэтычных выказваннях, так і ў творчасці ("Мир измерений", "Мир электрона" і інш.).\\ Тэрмін гэты даволі ўмоўны. З большымі падставамі ён можа ўжывацца ў дачыненні да старажытнай і сярэдневяковай літаратуры, дзе вершаванай мовай карысталіся ў гістарычных, філасофскіх, мастацтвазнаўчых і нават прыродазнаўчых [[слоўнік/трактат|трактатах]] (паэмы Лукрэцыя "Аб прыродзе рэчаў", Верлігія "Георгікі", Буало "Паэтычнае мастацтва"). Аднак і зараз існуе шэраг паэтаў, узброеных сучасным навуковым светапоглядам, для якіх навуковыя дасягненні не толькі гуманітарных, але і прыродазнаўчых навук маюць асаблівую цікавасць, становяцца аб'ектам паэтычнага разгляду, роздуму (Л. Мартынаў, Э. Межэлайціс, А. Суляйменаў, І. Драч і інш.).\\ Першым з беларускіх пісьменнікаў цікавасць да навуковай паэзіі выявіў [[постаці/максім-багдановіч|Максім Багдановіч]]. У незакончаным артыкуле "Паэзія геніяльнага вучонага" (1911) ён разважыў пра тое, "чаму б паэзіі і навуцы не ісці рука ў руку", паколькі ў іх "адна і тая ж агульная мэта: задавальненне пазнавальных патрэб чалавека". Беларускі паэт спасылаўся пры гэтым на аўтарытэт Гётэ, "вялікага паэта і буйнога вучонага, паміж паэтычнымі адкрыццямі якога і яго навуковым светапоглядам існуе несумненная сувязь", а таксама — і перш за ўсё — на творы М. Ламаносава, да некаторых з якіх можна прымяніць назву "навуковая паэзія". У сваёй уласнай творчасці аўтар "Вянка" заўсёды ўлічваў поспехі розных навук — археалогіі, гісторыі, біялогіі, фізікі і г. д. Асобныя яго вобразы і нават цалкам вершы ўзнікалі ў выніку знаёмства з тымі ці іншымі навуковымі адкрыццямі (санеты "[[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-санет-паміж-пяскоў-егі|Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі]]", "Что из того, что стих в душе кипит?", верш "Усплыла грамада сіфанафора" і інш.).\\ У сучаснай беларускай паэзіі пафас навуковых адкрыццяў ляжыць у аснове асобных твораў [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]], [[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзя Куляшова]], А. Русецкага, С. Дзяргая, Алеся Разанава і інш. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-беларуская-паэзія-яе-тэмы-і-воб]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-паэзія-беларусі]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[творы/ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча]]