Гэта старая версія дакумента!
Міф
Міф (ад гр. mythos - апавяданне, байка, паданне) — паданні пра асобыя персаніфікаваныя ці проста адухоўленыя аб'екты і з'явы прыроды (дрэва, кветка, возера, планета, навальніца, гром і г. д.), а таксама пра багоў, герояў, дэманалагічных істот (русалак, лесавікоў, палевікоў, дамавікоў і інш.), у якіх увасобіліся ідэалістычныя ўяўленні старажытнага чалавека аб навакольным свеце.
Міфалагічны светапогляд калісьці замяняў усе формы грамадскай свядомасці - рэлігію, мараль, мастацтва, права, палітыку, філасофію, якія, дарэчы, пазней і выдзеліліся з міфалогіі, адчуўшы (і адчуваючы дагэтуль) на сабе яе моцны ўплыў. Так, міфы, і не толькі свае ўласныя, але і антычныя (пра Зеўса, Праметэя, Геракла, Венеру і інш.), адчувальна паўплывалі на ўсе еўрапейскія, у тым ліку беларускую, літаратуры. У прыватнасці, міфы знайшлі ўвасабленне ў ананімных беларускіх паэмах «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», у творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча («Травіца брат-сястрыца», «Люцынка, або шведы на Літве»), Максіма Багдановіча (вершаваны цыкл «У зачарованым царстве»), Янкі Купалы (вобразы курганоў, відмаў, начніц, грамавіцы, перуна) і інш. Беларускія міфы у значнай ступені прадвызначылі непаўторнасць польскамоўнай творчасці Адама Міцкевіча (балады "Свіцязянка", «Рыбка», «Курганок Марылі», «Упыр», "Свіцязь", паэмы «Дзяды» і мн. інш.). Палескія міфы, блізкія беларусам, ляглі ў аснову славутай драмы-феерыі Лесі Украінкі «Лясная песня».
Розныя віды міфаў (касмаганічныя - пра ўзнікненне сусвету, антрапагенічныя - пра паходжанне чалавека, тэагенічныя - пра багоў, салярныя - пра Сонца, этыялагічныя - пра розныя аб'екты і з'явы прыроды, флору і фаўну і г. д.), вобразна паўплывалі на многія жанры фальклору (замовы, казкі, легенды, балады і інш.), а праз яго (ці непасрэдна) і на ўсю старажытную і новую беларускую літаратуру.