~~META: title = Мова мастацкай літаратуры &keywords = мова, мастацкая, літаратура &abstract = Асаблівасці мовы мастацкай літаратуры ў Беларусі &iftrue = nan ~~ ====== Мова мастацкай літаратуры ====== Мова мастацкай літаратуры - моўная сістэма, якая грунтуецца на нацыянальнай літаратурнай мове і найбольш поўна выяўляе яе творчыя магчымасці па слоўна-вобразнаму (пісьмоваму) адлюстраванню рэчаіснасці. Шырока карыстаецца яе фанетыка-марфалагічным (гл. [[слоўнік/гукапіс-літаратурны|гукапіс літаратурны]]), лексіка-фразеалагічнымі (гл. [[слоўнік/лексіка-літаратурная|лексіка літаратурная]]; [[слоўнік/троп|тропы]]), інтанацыйна-сінтаксічнымі (гл. [[слоўнік/сінтаксіс-літаратурны|сінтаксіс літаратурны]]) сродкамі. Мае пэўную адметнасць у залежнасці ад таго, у якіх відах літаратуры (паэзіі ці прозе) выкарыстоўваецца (гл. [[слоўнік/паэзія|паэзія]]; [[слоўнік/вершаваная-мова|вершаваная мова]]), у які час і якія пісьменнікі да яе звяртаюцца (гл. [[слоўнік/стыль-пісьменніка|стыль пісьменніка]]). Разам з тым мова мастацкай літаратуры мае свае адрозненні ад літаратурнай мовы.\\ У літаратурным творы мы, па-першае, сустракаемся з аўтарскім маўленнем, даволі спецыфічным у кожнага пісьменніка, з індывідуалізаваным маўленнем персанажаў (у дыялогах, маналогах, унутраных маналогах). Па-другое, у мове мастацкай літаратуры з пэўнымі мастацкімі мэтамі часта выкарыстоўваюцца так званыя пазалітаратурныя моўныя формы ([[слоўнік/дыялектызм|дыялектызмы]], [[слоўнік/вульгарызм|вульгарызмы]], [[слоўнік/жарганізм|жарганізмы]] і г. д.), што недапушчальна для літаратурнай мовы.\\ У грамадстве ўвогуле, а ў беларускім асабліва, мова мастацкай літаратуры адыгрывае вялікую сацыякультурную ролю. Так, пісьменнікі сваёй творчасцю аказалі вырашальны ўплыў на фармаванне і развіццё ў XІX - XX стст. новай беларускай літаратурнай мовы, яе ўнармаванне, пашырэнне і ўдасканаленне яе разнастайных стылёвых пластоў. [[постаці/янка-купала|Янка Купала]] і Якуб Колас слушна лічацца асноўнымі стваральнікамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, хаця нямала дзеля гэтага зрабілі як іх папярэднікі (найперш [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч]] і [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішак Багушэвіч]]), так сучаснікі і наступнікі ([[постаці/вацлаў-ластоўскі|Вацлаў Ластоўскі]], [[постаці/язэп-лёсік|Язэп Лёсік]], [[постаці/максім-гарэцкі|Максім Гарэцкі]], Змітрок Бядуля, [[творы/кузьма-чорны/жыццёвы-і-творчы-шлях-кузьмы-чорнага|Кузьма Чорны]], Міхась Лынькоў, [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрат Крапіва]], Пятрусь Глебка, [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі|Пятрусь Броўка]], [[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзь Куляшоў]], Іван Мележ, [[постаці/максім-танк|Максім Танк]], [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзімір Караткевіч]], [[постаці/янка-скрыган|Янка Скрыган]], [[постаці/янка-брыль|Янка Брыль]] і інш.).\\ У выніку пэўных гістарычных абставін (афіцыйная забарона беларускага друкаванага слова ў XІX ст., дэбеларусізацыя і русіфікацыя, жорсткі наступ на вёску і сялянства - галоўных носьбітаў жывога беларускага маўлення - ў ХХ ст. і інш.) менавіта пісьменнікі сталі ледзь не адзінымі ахоўнікамі і захавальнікамі беларускай мовы.\\ Своеасаблівасць мовы мастацкай літаратуры, асаблівасці мовы буйнейшых беларускіх пісьменнікаў, іх канкрэтны ўклад у развіццё літаратурнай мовы паказаны ў энцыклапедычным даведніку "Беларуская мова" (1994). ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/няўласна-простая-мова]] * [[слоўнік/аўтарская-мова]] * [[слоўнік/літаратурная-мова]] * [[слоўнік/эзопава-мова]] * [[слоўнік/вершаваная-мова]]