~~META: title = Метр &keywords = метр &abstract = Метр - схема чаргавання рытмастваральных кампанентаў &iftrue = nan ~~ ====== Метр ====== Метр (ад гр. metron - мера, адзінка вымярэння; вершаваны памер) - ідэальная схема чаргавання ў вершаваных радках метрычнага верша пэўных [[слоўнік/рытмастваральныя-кампаненты|рытмастваральных: кампанентаў]] (доўгіх і кароткіх складоў - у антычным, націскных і ненаціскных - у сілаба-танічным вершаванні і гэтак далей).\\ Так, у сілаба-танічнай сістэме вершавання папераменнае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў (/-/-/...) стварае **харэічны** метр, ненаціскных і націскных (-/-/-/...) - **ямбічны**. У адрозненне ад двухскладовых, трохскладовыя метры паміж націскнымі складамі маюць па два ненаціскныя. Іх вылучае характар [[слоўнік/анакруза|анакрузы]] (ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым метрычным націскам). У **дактылічным** метры яна нулявая (/-/-/-...), у **амфібрахічным** - аднаскладовая (-/-/-/-...), у **анапестычным** - двухскладовая (-/-/-/.).\\ Асноўнай метрычнай адзінкай верша з'яўляецца стапа, якая ў сілаба-танічным вершы бывае двухскладовай (з націскам на першым складзе - [[слоўнік/харэй|харэй]], з націскам на другім складзе - [[слоўнік/ямб|ямб]]) або трохскладовай (з націскам на першым складзе - [[слоўнік/дактыль|дактыль]], на другім, сярэднім, складзе - [[слоўнік/амфібрахій|амфібрахій]], на апошнім, трэцім, складзе - [[слоўнік/анапест|анапест]]).\\ Чаргаванне пэўнай колькасці аднолькавых стопаў утварае памер вершаваны. "[[слоўнік/прасoдыя|Прасодыя]] вучыць метрам, ці мераю колькасці, вершы складаць", - пісаў [[творы/іншае/мялецій-сматрыцкі|Мялецій Сматрыцкі]] ў "Граматыцы славянскай" (1618), указваючы на значэнне метра у вершаванай мове.\\ Жывая плынь вершаванага рытму далёка не заўсёды супадае з метрам. Напрыклад, у чатырохстопных ямбах А. Пушкіна толькі каля 27% радкоў маюць па чатыры націскі, як таго патрабуе ямбічны метр. (64% - па тры, крыху больш 9% - па два.). Аднак нельга на гэтай падставе лічыць метр чымсьці неістотным, ілюзорным. У вялікай ступені дзякуючы менавіта метру ствараецца велізарнае багацце рытмічнай варыянтнасці метрычнага верша, у якім .метр выступае "ў якасці зададзенага ўзору, што загадзя існуе ў свядомасці, будучы ў выглядзе ўсвядомленых правіл ці "рытмічнага гулу" (М. Харлап).\\ Метр вельмі адчувальна ўплывае на рытм метрычнага верша, з'яўляючыся адным з важнейшых яго стваральнікаў.\\ Раздзел вершазнаўства, які вывучае сукупнасць правіл вершавання ў якой-небудзь літаратуры ([[слоўнік/сістэма-вершавання|сістэмы вершавання]], памеры вершаваныя) называецца [[слоўнік/метрыка|метрыкай]]. Тэрмін "метр" таксама ўжываецца і ў значэнні [[слоўнік/памер-вершаваны|вершаванага памеру]].