Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:метафара

Гэта старая версія дакумента!


Метафара

Метафара (ад гр. metafora— перанясенне) - адзін з асноўных відаў тропа, ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з'явы ці прадмета з іншай з'явай ці прадметам на аснове іх падабенства або кантрасту.
У метафары, у адрозненне ад параўнання, прысутнічае толькі адзін член супастаўлення - тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а толькі падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. Метафара звычайна перафразуецца ў параўнанне пры дапамозе слоў «нібы», «як», «быццам» і г. д. Метафары сустракаюцца ў бытавой мове (ідзе дождж,, садзіцца сонца), але асноўная сфера іх бытавання - паэзія.
Вылучаюць простую метафару, якая складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак// І калаўротаў гул чмяліны змоўк»— Пімен Панчанка), і разгорнутую. якая ахоплівае вялікі адрэзак твора або ўвесь твор (бітва - жніво ў «Слове пра паход Ігаравы», жыццё - акіян у паэме Аркадзя Куляшова «Цунамі»).
Разнавіднасцямі метафары з'яўляюцца адухаўленне і ўвасабленне (персаніфікацыя) - перанясенне ўласцівасцей жывых істот на якія-небудзь прадметы, абстрактныя паняцці, з'явы прыроды, рэчы. У аснове адухаўлення ляжаць старажытныя анімічныя ўяўленні чалавека, які надзяляў усе прадметы навакольнага свету здольнасцю адчуваць і мысліць. Адухаўленне часта ўжываецца не толькі ў вуснай народнай творчасці (казках, песнях і інш.), але і ў пісьмовай паэзіі («Бачу я дарогу тую,// Па якой юнацтва йшло. // Песня, я тваё цалую// Галубінае крыло» — А. Александровіч). Увасабленне (персаніфікацыя) - гэта наданне чалавечых уласцівасцей асобным рэчам, прадметам, з'явам прыроды. Да персаніфікацыі блізкая апастрофа - зварот да памерлай ці адсутнай асобы, як да прысутнай, або да нейкага прадмета ці з'явы, як да чалавека («Песня, будзь беларускаю // І пад вясельнай хусткаю // І ў баявым шынялі» — М. Лужанін).

слоўнік/метафара.1755860348.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 10:59 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki