~~META: title = Лірыка &keywords = лірыка &abstract = Асаблівасці лірыкі як аднаго з трох родаў літаратуры &iftrue = nan ~~ ====== Лірыка ====== Лірыка (ад гр. lyricos - той, хто спявае пад гукі ліры; музычны; хвалюючы) - адзін з трох родаў літаратуры (побач з [[слоўнік/эпас|эпасам]] і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб'ектыўнае выяўленне пачуццяў, перажыванняў аўтара.\\ Менавіта духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і пачуццяў і з'яўляецца прадметам адлюстравання ў лірыцы. Як падкрэсліваў В. Бялінскі, "усё, што цікавіць, хвалюе, радуе, выклікае смутак, дае асалоду, мучыць, заспакойвае, турбуе, адным словам, усё, што з'яўляецца зместам духоўнага жыцця суб'екта, што ўваходзіць у яго, узнікае ў ім, - усё гэта ўспрымаецца лірыкай як законная яе ўласнасць".\\ Лірыка - самастойны, вельмі старажытны род літаратуры, але яна не супрацьстаіць ні эпасу як аб'ектыўнаму аповеду пра пэўныя падзеі, ні драме з яе канфліктна-напружаным, скразным дзеяннем. Якраз наадварот: лірыка на працягу ўсяго развіцца літаратуры кантактавала, узаемадзейнічала з эпасам і драмай.\\ Элементы лірыкі, або лірызм, няцяжка знайсці і ў эпічных і ў драматычных творах (у лірычных адступленнях, у асаблівай эмацыянальнай насычанасці твораў, прасякнутасці іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу, у лірыцы можна ўбачыць элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). Зрэшты, паэзія як від мастацтва слова з'яўляецца адным з мацнейшых спалучальных звенняў лірыкі, драмы і эпасу. Паэтычныя творы - гэта перш за ўсё творы лірычныя. Але не толькі. Да паэзіі належаць таксама асобныя вершаваныя творы эпічныя (вершаваны раман, быліна, [[слоўнік/дума|дума]]), [[слоўнік/ліра-эпічныя-жанры|ліра-эпічныя]] (балада, паэма) і драматычныя (драматычная паэма). З другога боку, сама лірыка згладжвае пэўную антыномію паміж паэзіяй і прозай як двума тыпамі літаратурна-мастацкай творчасці.\\ Слова "лірыка" часта ўжываецца як [[слоўнік/сінонімы|сінонім]] паэзіі. І памылкі тут вялікай няма. Але не трэба забывацца, што лірыка можа часам карыстацца і празаічнай мовай (лірычныя адступленні ў эпічных творах, так званая лірычная проза). Таму графічна лірыку і паэзію можна ўвасобіць у выглядзе двух акружнасцей, што перасякаюцца паміж сабой. Зона перасячэння будзе ў такім разе ахопліваць уласна лірычную паэзію. Лірыка не можа стварыць асобныя цэласныя характары, вобразы, каб перадаць праз іх заканамернасці жыцця. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету сучасніка яна ўвасабляе ў [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|вобразе лірычнага героя]] паэта. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць літаральна з усіх твораў паэта, з усёй разнастайнасці іх відаў і жанраў.\\ Лірычная паэзія і проза выпрацавала мноства лірычных жанраў і жанравых разнавіднасцей (элегія, песня, загадка, [[слоўнік/галашэнні|галашэнне]], [[слоўнік/прыказка|прыказка]], [[слоўнік/версэт|версэт]], лірычная проза і г. д.). У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць наступныя разнавіднасці лірыкі: [[слоўнік/грамадзянская-лірыка|грамадзянскую]] (творы на актуальную сацыяльна-палітычную тэматыку), **медытатыўную** (гл. [[слоўнік/медытацыя|медытацыя]]), **філасофскую** (вершы-развагі па розных філасофскіх праблемах), **інтымную**, **пейзажную** (творы пра прыроду), **сугестыўную** (гл. [[слоўнік/сугестыўная-паэзія|сугестыўная паэзія]]).\\ Падзел лірыкі на жанры і віды досыць умоўны. Так, элегія можа быць не толькі сумнай, але і смешнай, сатырычнай; пейзажны верш можа мець глыбока філасофскае або востра грамадзянскае гучанне і г. д. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/грамадзянская-лірыка]] * [[творы/адам-гурыновіч/адам-гурыновіч-лірыка]] * [[творы/пятрусь-броўка/асноўныя-матывы-вобразы-і-мастацкія-асаб]] * [[творы/максім-багдановіч/патрыятычная-лірыка-максіма-багдановіча]] * [[слоўнік/інтымная-лірыка]]