~~META: title = Ліпаграматычны верш &keywords = ліпаграматычны, верш &abstract = Ліпаграматычны верш і яго асаблівасці &iftrue = nan ~~ ====== Ліпаграматычны верш ====== Ліпаграматычны верш (ад грэч. lіepo — не хапаць і gramma — літара, запіс) — верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар).\\ Часам паэты ствараюць ліпаграматычныя вершы дзеля пэўнага [[слоўнік/эўфонія-мілагучнасць|эўфанічнага]] эфекту. Так, Г. Дзяржавін у вершы «Соловей во сне», не ўжываючы гука **р** і, з другога боку, уводзячы [[слоўнік/алітэрацыя|алітэрацыю]] на **с**, імкнуўся перадаць гукавое ўражанне ад спеву салаўя. Аднак часцей за ўсё ліпаграматычныя вершы — гэта своеасаблівыя вершы-забавы, якія дэманструюць версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя мажлівасці пэўнай мовы. Яшчэ ў антычнасці, імкнучыся «пераўзысці» Гамера, асобныя грэчаскія і рымскія паэты пісалі свае «Іліяды» і «Адысеі», у асобных раздзелах якіх адсутнічалі пэўныя літары (напрыклад, у першым раздзеле — **а**, у другім — **б** і г. д.).\\ У беларускай паэзіі ліпаграматычныя вершы надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгора Барадуліна]], у якім выразная алітэрацыя на **л** і ні разу не ўжыты гук **р**: Лілею млявы плёс люляе, З-пад злежалых аблок здалёк Ляціць віхлясты і бялявы\\ Пялёстак лёгкі — матылёк. Ён кліча у блакіт лілею —\\ Каб не любіла больш да слёз\\ Бліскучы ад лускі і глею\\ Самлелы, абмялелы плёс.\\