Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:летапіс

Гэта старая версія дакумента!


Летапіс

Летапіс - від старажытнай мемуарнай літаратуры, у якім запіс дакладных звестак пра пэўныя падзеі, сведкам якіх быў летапісец, спалучаўся з літаратурна апрацаванымі паданнямі пра падзеі ранейшыя, мінулыя. Такая ўласцівасць летапісу родніць яго з мастацкай літаратурай, яе гісторыка - дакументальным жанрам.
Самыя раннія беларускія летапісы (XІІ - XІV ст. ), у тым ліку Полацкі летапіс, не захаваліся. Вядомыя летапісы XV - XVІІ ст. - «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца», «Летапіс Аўраамкі», «Радзівілаўскі летапіс», «Баркулабаўская хроніка», «Магілёўская хроніка» і інш.
Спалучаючы ў сабе дакументальнае і выдуманае, рэальнае і легендарнае, летапісы аказалі ўздзеянне на развіццё мастацкай прозы, абумовіўшы нараджэнне такіх яе формаў, як дзённікі («Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), гістарычныя хронікі («Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага).
Вобраз летапісца знайшоў адбітак у новай беларускай літаратуры ("Летапісец" Максіма Багдановіча). Сам жа стыль летапісу (хранікальнасць, дакументальнасць, канкрэтнасць звестак, дэталяў і гэтак далей) часам спецыяльна наследуецца («Дыярыуш Мацея Белановіча» Барыса Сачанкі). Аднак найчасцей летапісы уплываюць на сучасную прозу апасродкавана, прадвызначаюць яе мемуарна-дакументальны характар («Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя, «У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча, «Споведзь» Ларысы Геніюш і інш.).

Падобныя старонкі

слоўнік/летапіс.1755963637.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki