~~META: title = Лагаэд &keywords = лагаэд &abstract = Лагаэд як від верша. Асабліваці і віды лагаэда (стопны, радковы і строфны) &iftrue = nan ~~ ====== Лагаэд ====== Лагаэд (ад гр. logos - слова і aoide – песня) -\\ 1. Від антычнага верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя па характару стопы (двух-, трох- і чатырохскладовыя);\\ 2. Від сілаба-танічнага верша, у якім не вытрымліваецца да канца патрабаванне метрычнай аднароднасці вершаваных радкоў, аднак выразна праяўляецца рытмічная аднароднасць. Вылучаюцца тры тыпы лагаэду: стопны, радковы і строфны.\\ У стопным лагаэдзе на адным і тым жа месцы ў вершаваных радках (часцей за ўсё - у трохскладовых стопах) "выпадаюць" адзін ці два ненаціскныя склады, назіраецца так званае сцяжэнне стопаў. У выніку ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі. Лагаэд стопны ўжываецца амаль выключна ў перакладах з антычнай паэзіі або ў імітацыях антычных памераў.\\ У лагаэдзе радковым у пэўным парадку чаргуюцца радкі розных метраў. Лагаэды радковыя рэдка сустракаюцца ў паэзіі, асабліва спалучэнні [[слоўнік/ямб|ямба]] з [[слоўнік/харэй|харэем]]. Імі, у прыватнасці, напісаны два раздзелы паэмы [[постаці/янка-купала-коратка|Янкі Купалы]] "[[творы/янка-купала/янка-купала-яна-і-я|Яна і Я]]" -"Яблыні цвітуць" (шасцістопны харэй - чатырохстопны ямб) і "На сенажаці" (шасцістопны харэй - шасцістопны ямб).\\ У лагаэдзе строфным (сустракаецца ён, бадай, яшчэ радзей, чым радковы) у пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам. Так, у вершы [[постаці/пімен-панчанка|Пімена Панчанкі]] "Пры святле маланак" праз кожныя дзве страфы, напісаныя чатырохстопным ямбам, тройчы паўтараюцца строфы, напісаныя трохстопным [[слоўнік/анапест|анапестам]]. У вершы [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]] "На палігоне" першыя чатыры радкі - пяцістопны ямб, другія чатыры - пяцістопны харэй.\\ Лагаэды дапамагаюць зрабіць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, а тым самым - паўней выявіць паэтычную форму твора.