~~META: title = Крытыка літаратурная &keywords = крытыка, літаратурная &abstract = Літаратурная крытыка як адзін з відаў літаратурнай дзейнасці &iftrue = nan ~~ ====== Крытыка літаратурная ====== Крытыка літаратурная - від літаратурнай дзейнасці, мэта якой - даць ацэнку бягучым фактам літаратуры з пункту гледжання значэння іх для сучаснасці. Такая ацэнка літаратурнага твора, з аднаго боку, дазваляе пісьменнікам суаднесці вынікі сваёй працы з патрабаваннямі, якія прад'яўляе да літаратуры грамадства. З другога боку, яна дапамагае фарміраваць грамадскую думку, выпрацоўваць у чытачоў аб'ектыўныя погляды на літаратурныя з'явы, удасканальваць эстэтычны густ і эстэтычны ідэал.\\ Аб'ектыўна ацаніць літаратурны твор літаратурнай крытыцы дапамагае выкарыстанне асноўных прынцыпаў яго аналізу: эстэтычны, гістарызму, сістэмнасці, цэласнасці, усебаковасці разгляду, спалучэнне аналізу з сінтэзам (гл. метадалогія літаратуразнаўства).\\ Узнікшы адразу пасля ўзнікнення самой літаратуры, высокапрафесійная, патрабавальная, зацікаўленая літаратурная крытыка стала яе неабходным спадарожнікам. В. Бялінскі называў літаратурную крытыку "рухомай эстэтыкай", слушна падкрэсліваў: тое, што скажуць пра вялікі твор літаратуры, не менш важна за сам твор.\\ Беларуская літаратурная крытыка зарадзілася ў XІX ст. (публікацыі Р. Падбярэскага, [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля|Уладзіслава Сыракомлі]], [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча]] і іншых), але як самастойная галіна літаратурнай дзейнасці склалася толькі на пачатку ХХ ст. (артыкулы і рэцэнзіі [[постаці/антон-луцкевіч|Антона Луцкевіча]], [[постаці/вацлаў-ластоўскі|Вацлава Ластоўскага]], С. Палуяна, Максіма Багдановіча, Л. Гмырака, А. Бульбы, У. Самойлы і інш.). Найбольшага росквіту дасягнула ў савецкі час, асабліва ў пасляваенны перыяд (А. Адамовіч, [[постаці/адам-бабарэка|Адам Бабарэка]], В. Бечык, Д. Бугаёў, Р. Бярозкін, У. Гніламёдаў, В. Каваленка, У. Калеснік, Р. Шкраба, Г. Шупенька, У. Юрэвіч і інш.).\\ Асноўны жанр сучаснай літаратурнай крытыкі - рэцэнзія (лац. recensio - разгляд, ацэнка), у якой разглядаецца і ацэньваецца твор літаратуры, вызначаюцца яго вартасці і магчымыя хібы. Апрача звычайнай часопіснай ці газетнай [[слоўнік/рэцэнзія|рэцэнзіі]], яна можа набыць выгляд [[слоўнік/анатацыя|анатацыі]], [[слоўнік/эсэ|эсэ]], [[слоўнік/дыялог|дыялогу]], [[слоўнік/фельетон|фельетона]], [[слоўнік/памфлет|памфлета]], ліста, аўтарэцэнзіі, рэплікі. Іншыя жанры літаратурнай крытыкі: [[слоўнік/артыкул|артыкул]] (аглядны, праблемны), літаратурны партрэт, бібліяграфічная нататка, рэпліка, літаратурная пародыя, манаграфічнае даследаванне.\\ Заканамернасці развіцца беларускай крытыкі даследаваў М. Мушынскі ("Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20 - 30-я гады. Мн., 1975; "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я - першая палавіна 60-х гадоў. Мн.,1985). Асобныя тэарэтычныя пытанні літаратурнай крытыкі знайшлі асэнсаванне ў кнізе В. Каваленкі "Праблемы сучаснай беларускай крытыкі"(1977). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-янот-і-крот]]