~~META: title = Канстанта &keywords = канстанта &abstract = Канстанта (асноўны рытмастваральны кампанент) ў розных сістэмах вершавання &iftrue = nan ~~ ====== Канстанта ====== Канстанта (ад лац. constans — трывалы, пастаянны) — асноўны [[слоўнік/рытмастваральныя-кампаненты|рытмастваральны кампанент]], які вызначае рытмічную прыроду верша той ці іншай [[слоўнік/сістэма-вершавання|сістэмы вершавання]].\\ Так, у [[слоўнік/сілабічнае-вершаванне|сілабічнай]] сістэме канстантай з’яўляецца аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках, у [[слоўнік/сілаба-танічнае-вершаванне|сілаба-танічнай]] — раўнамернасць чаргавання моцных і слабых месцаў, у [[слоўнік/танічнае-вершаванне|танічнай]] — раўнамернасць чаргавання аднолькавай колькасці моцных (апорных) націскаў і г. д.\\ Канстантай часам называюць таксама апошні метрычны націск у радках сілаба-танічнага верша. Такі націск пастаянны, маецца літаральна ва ўсіх радках верша, у той час як метрычныя націскі, што размешчаны ўлева ад яго, часта адсутнічаюць (гл.: пірыхій).\\ Рускі вершазнавец А. Квяткоўскі прапанаваў тэрмін **канстантны рытм**, абазначыўшы ім такі рытм метрычнага верша, які ўтвараецца ў выніку пастаяннага супадзення метрычных акцэнтаў з націскнымі складамі асобных слоў.