~~META: title = Зваротная метафарызацыя &keywords = зваротная, метафарызацыя &abstract = Што такое зваротная метафарызацыя? &iftrue = nan ~~ ====== Зваротная метафарызацыя ====== Зваротная метафарызацыя - від тропа, сутнасць якога — ў вяртанні словам ці словазлучэнням іх першаснага, вобразнага значэння.\\ Як падкрэсліваў А. Патабня, "усе значэнні ў мове па паходжанні вобразныя, кожнае можа з цягам часу стаць нявобразным". Так, мы гаворым баравік, коцікі (на вярбе), чарніла і г. д. і нават не адчуваем пераноснасці значэнняў гэтых слоў, таго, што кожнае з іх — своеасаблівы троп. Усе словы нашага лексікону набылі ўласцівасці знака, які называе пэўнае паняцце. Гэта надзвычай важная рыса мовы як сродку камунікацыі. Аднак паэтычная мова нясе не толькі інфармацыю, але і вобраз, пачуццё, эмоцыі, таму часта звяртаецца да метафарызацыі — ужывання слоў у іх пераносным значэнні. Гэтай жа мэце служыць і зваротная метафарызацыя, якая, вяртаючы слову яго першаснае значэнне, нагадвае пра наяўнасць у ім пераноснага значэння, што з цягам часу выветрылася, забылася.\\ Так, калі прачытаеш радкі А. Наўроцкага "Стаіш і зачаравана слухаеш, як мяўкаюць коцікі на галінках ракіт", то ў свядомасці адразу ажывае першаснае значэнне слова коцік (свойская жывёла). Менавіта гэта дапамагае адчуць пераноснасць значэння слова пры абазначэнні ім новай рэаліі (коцікі на ракіце). У вершы [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]] "Зарапад" зваротная метафарызацыя "ажывіла" назвы сузор'яў: А ноч звініць ад камароў.\\ Ланцуг перагрызла Мядзведзіца\\ І Млечным Шляхам да сяла\\ Праз нашу краіну азёрную,\\ Прытопваючы, пайшла\\ Збіраць медзякі зорныя... \\ Майстар зваротнай метафарызацыі [[постаці/пімен-панчанка|Пімен Панчанка]] ўмеў надаць вобразную моц нават навуковым тэрмінам, уводзячы іх у нязвыклы, нечаканы [[слоўнік/кантэкст|кантэкст]]. Вось два прыклады з яго творчасці: Эх, правадніца, правадніца,\\ Люблю я твой вандроўны дом.\\ Хачу з табою парадніцца,\\ Зрабіцца паўправадніком.\\ ("Паўвека... Гэта шмат – паўвека") \\ А калі там што-небудзь прапушчана:\\ Мала песень, азёр, навальніц —\\ Прыязджайце да нашых пушчаў\\ І напіцеся з першакрыніц.\\ ("Наша энцыклапедыя") Нярэдка ў паэтычным кантэксце першаснае, вобразнае значэнне вяртаецца не толькі асобным словам ці словазлучэнням, але і фразеалагічным адзінкам. Такая з'ява атрымала назву рэалізацыі метафары.