~~META: title = Жанр літаратурны &keywords = жанр, літаратурны &abstract = Разнастайнасць жанраў беларускай літаратуры &iftrue = nan ~~ ====== Жанр літаратурны ====== Жанр літаратурны (франц. genre - род, від) - гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай формы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет (архітэктанічных, вобразных, моўных) выяўляе больш-менш канкрэтны мастацкі сэнс.\\ Генетычна кожная жанравая форма звязана з пэўным зместам, аднак у выніку сваёй адноснай самастойнасці яна ў працэсе літаратурнага развіцця можа "адчужацца" ад яго і выражаць новы жанравы змест. Пры гэтым з ёй самой адбываецца некаторая трансфармацыя. Вось чаму асобныя вучоныя (напрыклад, Г. Паспелаў) імкнуцца нават размежаваць жанравую форму і жанравы змест. Тым не менш тая ці іншая сувязь паміж пэўным [[слоўнік/змест-і-форма|зместам і формай]] у літаратурным жанры заўсёды існуе ([[слоўнік/гімн|гімн]] - гэта выяўленне ў вершаваным творы ўрачыстасці, у [[слоўнік/эпіграма|эпіграме]] - насмешкі, у элегіі - суму і гэтак далей). Гэтым ён адрозніваецца ад **віду літаратурнага**, заснаванага толькі на фармальных прыкметах (архітэктанічных, моўных, рытмічных і інш.).\\ Кожны з трох [[слоўнік/род-літаратурны|родаў літаратуры]] ([[слоўнік/лірыка|лірыка]], [[слоўнік/эпас|эпас]] і [[слоўнік/драма|драма]]) мае свае віды і літаратурныя жанры. Так, сярод твораў лірычных вылучаюцца вершы філасофска-медытатыўныя ([[слоўнік/медытацыя|медытацыя]], пасланне, [[слоўнік/стансы|стансы]], ямбы, філасофскі верш, [[слоўнік/элегія|элегія]]), велічальныя ([[слоўнік/ода|ода]], [[слоўнік/дыфірамб|дыфірамб]], [[слоўнік/панегірык|панегірык]], [[слоўнік/апалог|апалог]], мадрыгал, гімн, [[слоўнік/эпітафія|эпітафія]], рацэя, [[слоўнік/эпіталама|эпіталама]]), песенныя (раманс, песня, серэнада, марш, псалом, [[слоўнік/кантата|кантата]], альба, [[слоўнік/баркарола|баркарола]], [[слоўнік/канцона|канцона]]), сатырычна-выкрывальныя (эпіграма, пародыя, [[слоўнік/інвектыва|інвектыва]], сатыра). Да лірычных літаратурных жанраў адносяцца таксама некаторыя жанры фальклорныя (загадкі, [[слоўнік/замова|замовы]], [[слоўнік/прыказка|прыказкі]], прымаўкі, [[слоўнік/галашэнні|галашэнні]]).\\ Эпас таксама мае свае віды і жанры літаратурныя. Наогул, першапачатковымі ў літаратуры, тады яшчэ вуснай, былі менавіта эпічныя літаратурныя жанры: [[слоўнік/эпапея|эпапея]], быліна, [[слоўнік/сага|сага]], [[слоўнік/дума|дума]], сказ, гутарка, вершаваная казка, легенда. Пазней, на пісьмовым этапе развіцця мастацтва слова, да іх далучыліся розныя віды (раманы, аповесці, апавяданні, [[слоўнік/нарыс|нарысы]], рэпартажы) і жанры літаратурныя (сацыяльна-бытавыя раманы, гістарычныя аповесці, [[слоўнік/фельетон|фельетоны]], [[слоўнік/памфлет|памфлеты]], [[слоўнік/гумарэска|гумарэскі]] і інш.). Усім ім характэрна ўзнаўленне знешніх - у адносінах да пісьменніка - з'яў рэчаіснасці ў іх аб'ектыўнай сутнасці, паступова-лагічным (сюжэтным) развіцці.\\ Што да драмы як роду літаратуры, для якой асноўнае - выяўленне скразнога напружанага дзеяння ў дыялагічнай форме, то яна мае свае віды (трагедыю, камедыю і ўласна драму) і літаратурныя жанры — філасофскую трагедыю, лірычную камедыю, сацыяльна-бытавую драму, меладраму і іншыя.\\ Амаль кожны літаратурны жанр утрымлівае асобныя жанравыя разнавіднасці (або формы), што прадвызначаюцца канкрэтным зместам твора. Так, эпіграма можа быць літаратурнай, палітычнай, сацыяльна-бытавой, песня - інтымна-лірычнай, гістарычнай, патрыятычнай і гэтак далей.\\ Што да лірыкі, то часам прыкмета зместу кладзецца наогул у аснову яе жанравага падзелу, паводле якога вершы адносяць да грамадзянскіх, інтымных, пейзажных, сугестыўных, медытатыўных або філасофскіх. Відавочна, тут мы маем справу не з уласна літаратурным жанрам, а толькі з жанравымі разнавіднасцямі верша.\\ Паколькі паміж рознымі родамі і відамі літаратуры няма глухой мяжы, то ўзаемадзеянне, узаемапранікненне іх прывяло да ўзнікнення шэрагу [[слоўнік/ліра-эпічныя-жанры|ліра-эпічных]] (балада, паэма, [[слоўнік/версэт|версэт]]) і ліра-драматычных (байка, драматычная паэма) відаў літаратуры, а таксама літаратурных жанраў і жанравых разнавіднасцей. Так узніклі [[слоўнік/трагікамедыя|трагікамедыя]], фарс-вадэвіль, сатырычныя элегія, гімн, раманс і гэтак далей.\\ У працэсе развіцця літаратуры яе жанравы дыяпазон увесь час змяняецца. Адны літаратурныя жанры узнікаюць, другія - звужаюць сферу свайго бытавання або зусім знікаюць (рыцарскі раман, воінская аповесць, [[слоўнік/інтэрмедыя|інтэрмедыя]], эклога, эпіталама, [[слоўнік/ідылія|ідылія]], мадрыгал, канцона), трэція - істотна мяняюць сваю змястоўную сутнасць. Напрыклад, спачатку ў антычнай літаратуры эпіграма зусім не мела сатырычнай скіраванасці. Гэтым тэрмінам называлі любы лаканічны верш на сцяне храма, помніка, што набываў самастойнае значэнне. Нешта падобнае здарылася і з літаратурнай эпітафіяй, якая сёння набыла пераважна сатырычны характар: у старажытнай Грэцыі яна мела панегірычнае гучанне і яе можна было прачытаць толькі на надмагільнай пліце. Змянілася сэнсавае напаўненне і некаторых іншых літаратурных жанраў. Іх "рэфармавалі" асобныя пісьменнікі, творчасць якіх вызначаецца сваёй спецыфікай жанравых форм. Прычым, калі выбар роду літаратуры звычайна прадвызначаецца характарам таленту пісьменніка, выбар літаратурнага жанру - перш за ўсё прадметам адлюстравання, аўтарскімі адносінамі да яго і гэтак далей.\\ Для кожнага перыяду літаратурнага развіцця характэрны пэўныя віды, жанры літаратурныя і жанравыя разнавіднасці. Так, калі ўзяць вершатворчасць, у беларускай літаратуры XVІ - XVІІІ ст. пераважалі вершы духоўныя, панегірыкі, рацэі. У XІX ст. набываюць пашырэнне элегіі, байкі, паэмы, медытацыі, песні і інш. У прыватнасці, у творчасці толькі аднаго [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішка Багушэвіча]] мы сустракаем грамадзянскі верш ("Праўда"), гутарку ("Хрэсьбіны Мацюка"), вершаванае апаваданне ("Хцівец і скарб на святога Яна"), паэму ("[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-кепска-будзе|Кепска будзе]]"), вершаваную легенду ("Гдзе чорт не зможа, там бабу пашле"), байку ("[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-воўк-і-авечка|Воўк і авечка]]"), песню ("Удава"), пасланне ("Яснавальможнай пані Арэшчысе"), сатыру ("Скацінная апека").\\ Па колькасці і характары асобных відаў, жанраў літаратурных і іх разнавіднасцей можна ўскосна меркаваць пра багацце мастацкіх здабыткаў тых ці іншых пісьменнікаў і цэлых нацыянальных літаратур.\\ На пачатку ХХ ст. многія літаратурныя жанры і віды верша прышчапіў беларускай паэзіі [[постаці/максім-багдановіч|Максім Багдановіч]] (эпістала, філасофскі верш, [[слоўнік/трыялет|трыялет]], рандо, [[слоўнік/тэрцына|тэрцыны]] і інш.). Надзвычайнае жанравае багацце сустракаецца ў [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]], які валодаў, бадай, усімі жанрамі і жанравымі разнавіднасцямі верша, вершаванага апавядання і паэмы. Народнаму песняру належыць надзвычай дасціпнае паэтычнае вызначэнне асобных літаратурных жанраў - песні, оды, серэнады, сатыры, балады і інш. ("Паэзія", 1906): Праўду з няпраўдай,\\ Цноту з гарэзіяй\\ Вымешай спрытам, —\\ Будзе паэзія.\\ \\ Лета, ноч, месяц,\\ Клёнік, чарэсня,\\ Хлопец, дзяўчына, —\\ Вось вам і песня.\\ \\ Шэпты, прысяга,\\ Вечная згода,\\ Вечная любасць, —\\ Вось вам і ода.\\ \\ Пуня, дзяўчына,\\ Сена-прынада,\\ Хлопец пад пуняй, —\\ Вось серэнада.\\ \\ Пуня падперта...\\ Голас: сусед я!\\ Бацька з дубінай, —\\ Вось вам камед'я.\\ \\ Зімка. Знік хлопец,\\ Дзеўка ўжо "мамай",\\ Слёзы... Палонка, —\\ Вось вам і драма.\\ \\ Свет, людзі-шэльмы\\ Крадуць, лгуць шчыра,\\ Чэсны паэта, —\\ Вось вам сатыра.\\ \\ Двор, хорам панскі;\\ Рада-парада, —\\ Добрасць, пачцівасць, —\\ Вось вам балада.\\ \\ Свінні, падпасвіч,\\ Лапці, парцянка,\\ Непагадзь, золка, —\\ Вось і сялянка.\\ \\ Добры пан, пані;\\ Корміць іх ласка\\ Бедных, галодных, —\\ Вось вам і казка.\\ \\ Пан, хам і поле,\\ Праца, нястатак...\\ Тры аплявухі, —\\ Вось і канчатак. \\ Янка Купала і Максім Багдановіч не толькі карысталіся гатовымі жанравымі формамі, але і ўдасканальвалі, па-наватарску ўзбагачалі іх у сваёй творчасці. Традыцыі класікаў роднай літаратуры прадоўжылі многія беларускія пісьменнікі - [[постаці/кузьма-чорны|Кузьма Чорны]], [[постаці/максім-танк|Максім Танк]], [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі|Пятрусь Броўка]], [[постаці/іван-мележ|Іван Мележ]], [[постаці/пімен-панчанка|Пімен Панчанка]], [[постаці/алесь-салавей|Алесь Салавей]], [[постаці/міхась-кавыль|Міхась Кавыль]], [[постаці/рыгор-крушына|Рыгор Крушына]], [[постаці/янка-брыль|Янка Брыль]], [[постаці/васіль-быкаў|Васіль Быкаў]], [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгор Барадулін]], [[постаці/генадзь-бураўкін|Генадзь Бураўкін]], [[постаці/ніл-гілевіч|Ніл Гілевіч]], [[постаці/васіль-зуёнак|Васіль Зуёнак]], Алег Лойка, У. Някляеў, Алесь Разанаў, [[постаці/янка-сіпакоў|Янка Сіпакоў]], С. Панізнік, [[творы/эдуард-акулін/творчасць-эдуарда-акуліна|Эдуард Акулін]] і іншыя. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/ліра-эпічныя-жанры]] * [[слоўнік/жанры-класічныя]] * [[слоўнік/вершаваныя-жанры]]