Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:духоўная-літаратура

Гэта старая версія дакумента!


Духоўная літаратура

Духоўная літаратура - сукупнасць літаратурных твораў розных відаў і жанраў, аб'яднаных рэлігійнай тэматыкай.
Беларуская літаратура ў яе пісьмовым выглядзе, як і іншыя еўрапейскія, пачалася з духоўнай літаратуры. Эпічную частку яе складалі: пераклады Бібліі і Евангелля; аратарская проза — пропаведзі славутых святароў-красамоўцаў, накшталт «словаў» Кірылы Тураўскага або казанняў Л. Карповіча, Iпація Пацея, Мялеція Сматрыцкага і іншых; агіяграфічныя творы (ад грэч. hagios — святы і grapho — пішу), або жыційная літаратура, — апісанні жыцця кананізаваных царквою асоб — святых («Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Жыціе Аўрамія Смаленскага», «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія»); апокрыфы (ад грэч. apokryphos - таямнічае) - не пагоджаныя з царквою сярэдневяковыя аповесці, заснаваныя на біблейскіх сюжэтах; хаджэнні, або паломніцкая літаратура, — апісанні падарожжаў да святых мясцін, на Блізкі Усход («Хаджэнне» ігумена Данііла, «Хаджэнне ў Царград і Іерусалім» Ігната Смаляніна, «Падарожжа да святой зямлі» М. К. Радзівіла); перакладныя духоўныя аповесці і раманы («Аповесць пра трох каралёў»). У XVI-XVII стст. асаблівае развіццё набыла рэлігійная публіцыстыка (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, А. Волан і інш.), а ў сувязі з заключэннем Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. — палемічная літаратура: выступленні выдатных святароў — майстроў аратарскай прозы — за унію і супраць яе (Iпаці Пацей, П. Скарга, Х. Філалет, С. Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Л. Карповіч, Афанасій Філіповіч, I. Руцкі, I. Кунцэвіч, А. Сялява і інш.).
Даволі рана (з XVI ст.) на Беларусі з'явіліся драматычныя творы духоўнай літаратуры — п'есы, разлічаныя на батлейку («Цар Ірад»), драму народную — тэатралізаваныя відовішчы ў час розных рэлігійных святаў («Цар Максімілян»), школьны тэатр — тэатральныя выставы Віленскай і Полацкай езуіцкіх калегій, праваслаўных брацкіх школ і інш. навучальных устаноў («Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», «Камедыя пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў»).
Лірыка таксама з даўніх часоў падключалася да вырашэння розных рэлігійных мэт і задач праз духоўныя песні, гімны, вершы.
Да духоўнай літаратуры, створанай на Беларусі, адносяцца і аль-кітабы (арабскія святыя кнігі) — рукапісныя кнігі рэлігійнага зместу, напісаныя ў XVII-XIX стст. беларускімі татарамі на беларускай мове, але арабскім алфавітам. Татары, якія пасяліліся на нашай зямлі яшчэ ў XIV-XVI стст., паступова асіміляваліся, забылі мову сваёй мусульманскай рэлігіі — арабскую. Іхнія святары пачалі перакладаць рэлігійныя кнігі на мову штодзённага ўжытку — на беларускую, а каб захаваць знешнюю святасць сваёй духоўнай літаратуры, прыстасавалі для перадачы беларускіх гукаў арабскі алфавіт.
Бадай, у адначассе з узнікненнем духоўнай літаратуры нарадзілася і антырэлігійная, літаратура, у якой адмаўляюцца рэлігійныя дагматы, вера ў існаванне Бога, звышнатуральных сіл. Атэізм як сістэма поглядаў, што ўзнік яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і прайшоў дарогамі вальнадумства, асветніцтва і гуманізму Сярэдневякоўя і Адраджэння (Эразм Ратэрдамскі, Д. Дзідро, Ф. Бэкан і інш.), этыку і эстэтыку рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў (В. Бялінскі, А. Герцэн, М. Дабралюбаў, Дз. Пісараў, М. Чарнышэўскі), нарэшце, матэрыялізм і марксізм новага часу, асаблівае пашырэнне набыў у ХХ ст. Адпаведна пашырылася і антырэлігійная літаратура. У прыватнасці, беларуская літаратура атэістычнага зместу, заявіўшы пра сябе яшчэ ў асобных фальклорных творах, у ананімных парадыйна-травесційных паэмах XVIII-XIX стст. («Уваскрэсенне Хрыстова», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), свайго апагею дасягнула ў савецкі час. Гэтаму садзейнічаў ваяўнічы атэізм бальшавіцкай улады, якая вызначала ідэйную скіраванасць усёй літаратуры. Беларуская антырэлігійная літаратура рэалізавалася ў розных відах і жанрах: вершах, песнях, паэмах («Малебен» Якуба Коласа, «Біблія» Кандрата Крапівы), раманах і аповесцях («Вершалінскі рай» А. Карпюка), драмах («Адкуль грэх?» Алеся Петрашкевіча) і інш. Асобныя яе ўзоры ў выданні: «Туман трэба развеяць» (1981).

Шматканфесійнаму беларускаму народу характэрная талерантнасць, верацярпімасць. Таму ён аднолькава не прымае як рэлігійны фанатызм, што выявіўся, у прыватнасці, у фізічнай расправе (спаленні на кастры ў Варшаве) беларускага атэіста Казіміра Лышчынскага за трактат «Аб неіснаванні бога» (1697), так і савецкі ваяўнічы атэізм, у выніку якога знішчаны многія творы духоўнай літаратуры.

слоўнік/духоўная-літаратура.1755861245.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:14 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki