~~META: title = Духоўная лірыка &keywords = духоўная, лірыка &abstract = Краткие содержания, биографии писателей, произведения школьной программы по белорусской литературе, внеклассное чтение. Диктанты и изложения &iftrue = nan ~~ ====== Духоўная лірыка ====== Духоўная лірыка — фальклорныя і аўтарскія вершы і песні на рэлігійную тэматыку.\\ Яшчэ ў перыяд Кіеўскай Русі на Беларусі вандроўныя лірнікі, жабракі-старцы выконвалі **духоўныя песні**, у аснове якіх былі сюжэты агіяграфічных і апакрыфічных твораў, старазапаветных і евангельскіх паданняў і міфаў.\\ Духоўныя песні на беларускай мове выконваліся ва уніяцкіх храмах у 1596-1839 гг. (у перыяд існавання уніяцтва як асобнай канфесіі), часам уключаліся і ўключаюцца дагэтуль (асабліва ў ХХ ст., у перыяд нацыянальнага адраджэння) у багаслужбу ў касцёлах, цэрквах, пратэстанцкіх малітоўнях (побач з песнямі на польскай, рускай і стараславянскай мовах).\\ Сярод іх вылучаюцца **духоўныя гімны**, як, у прыватнасці, гімн «Магутны Божа» (словы [[постаці/наталля-арсеннева|Наталлі Арсенневай]], музыка М. Равенскага): Магутны Божа! Ўладар сусветаў,\\ вялікіх сонцаў і сэрц малых,\\ над Беларусяй ціхай і ветлай\\ рассып праменне Свае хвалы.\\ Дай спор у працы будзённай, шэрай,\\ на хлеб штодзённы, на родны край,\\ павагу, сілу і веліч веры\\ у нашу праўду, у прышласць — дай!\\ Дай урадлівасць жытнёвым нівам,\\ учынкам нашым пашлі ўмалот.\\ Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай\\ краіну нашу і наш народ! \\ Першыя з вядомых аўтарскіх **духоўных вершаў** напісаў [[творы/іншае/францыск-скарына|Францыск Скарына]] і змясціў у некаторых сваіх прадмовах і пасляслоўях да перакладу Бібліі («Богу в Троици единому ко чти и ко славе», «Веруй в Бога единого», «Помни дни святые святити»).\\ Шырокую вядомасць у свой час атрымалі напісаная па-беларуску ў элегічным стылі лірычная [[слоўнік/ананім|ананімная]] паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620), верш [[творы/іншае/афанасій-філіповіч|Афанасія Філіповіча]] «Даруй пакой царкве сваёй, Хрысце Божа» (1646).\\ Свайго найвышэйшага ўздыму духоўная лірыка знайшла ў асобе [[творы/іншае/сімяон-полацкі|Сімяона Полацкага]], які і ў беларускі перыяд творчасці, і пасля пераезду ў Маскву (1664) неаднаразова звяртаўся да рэлігійнай тэматыкі, у прыватнасці, выдаў«Псалтирь рифмованную» — пераклад рыфмаваным вершам старажытных псальмаў. Дарэчы, гэты своеасаблівы творчы подзвіг нядаўна паўтарыла вінніцкая паэтэса Т. Якавенка, якая перастварыла па-ўкраінску (і таксама рыфмаваным вершам) усе 150 псальмаў («Книга псалмів у переспівах». Вінніца, 2003).\\ Духоўная лірыка ў пэўнай ступені знайшла пашырэнне ў новай, а таксама ў сучаснай беларускай літаратуры ([[постаці/янка-купала|Янка Купала]], Карусь Каганец, [[постаці/алесь-гарун|Алесь Гарун]], [[постаці/змітрок-бядуля|Змітрок Бядуля]], Янук Д., Стары Улас, Н. Арсеннева, [[творы/ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш|Ларыса Геніюш]], М. Сяднёў, В. Швед і інш.). З’явіліся прафесійныя аўтары духоўнай лірыкі, пераважна святары, — К. Сваяк, В. Адважны, А. Зязюля, Зьніч (Бембель) і інш.\\ Рэлігійную тэматыку ў сучаснай паэзіі Беларусі распрацоўваюць І. Багдановіч, Т. Бондар, Н. Загорская, Г. Каржанеўская, Х. Лялько, Г. Тварановіч і інш. Узоры беларускай духоўнай лірыкі увайшлі ў зборнікі «Храм і верш» (Уклаў М. Гайдук; Беласток, 1993) і «Насустрач духу: Анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі» (Уклаў І. Чарота; Мінск, 2001). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-багдановіч/патрыятычная-лірыка-максіма-багдановіча]] * [[творы/адам-гурыновіч/адам-гурыновіч-лірыка]] * [[слоўнік/лірыка]] * [[слоўнік/інтымная-лірыка]] * [[творы/пятрусь-броўка/асноўныя-матывы-вобразы-і-мастацкія-асаб]]