~~META: title = Драма &keywords = драма &abstract = Драма як род літаратуры і як адзін з відаў драматычнага роду літаратуры &iftrue = nan ~~ ====== Драма ====== Драма (ад гр. drama - дзеянне) -\\ 1. Род літаратуры, у аснове якога - паказ напружанага, скразнога дзеяння, вырашэнне канфліктнай сітуацыі.\\ Яшчэ Арыстоцель падкрэсліваў, што ў драме адбываецца "перайманне дзеяння...праз дзеянне, а не праз аповед..." У адрозненне ад лірыкі і [[слоўнік/эпас|эпасу]] ў драме аўтар не выяўляе сябе, калі не лічыць некаторых рэмарак (франц. remarque - заўвага) — аўтарскіх тлумачэнняў адносна месца і ўмоў дзеяння, знешняга выгляду і паводзін дзейных асоб, разлічаных найперш на стваральнікаў тэатральнай пастаноўкі па драматычным творы - п'есе.\\ П'еса пішацца ў форме размовы двух ([[слоўнік/дыялог|дыялог]]) ці некалькіх (палілог) персанажаў - дзейных асоб. Часам выказваецца адзін персанаж ([[слоўнік/маналог|маналог]]), прычым гэта выказванне можа выяўляць ход яго ўнутраных разваг (так званы унутраны маналог). Свае думкі і пачуцці, адносіны да пэўных падзей аўтар цалкам перадавярае дзейным асобам. Характары выяўляюцца толькі праз мову і ўчынкі, дзеянні (адсюль назва асобнай часткі драматычнага твора — дзея). Менавіта таму драма слушна лічыцца адным з самых цяжкіх родаў літаратуры.\\ Важнай асаблівасцю драмы з'яўляецца і тое, што яна, як правіла, прызначаецца для пастаноўкі на сцэне, служыць літаратурнай асновай спектакля з яго спецыфічнымі сродкамі мастацкага выяўлення (ігра акцёраў, дэкарацыі, музыка, асвятленне і г. д.).\\ Узнікла драма у Старажытнай Грэцыі, свайго росквіту дасягнула ў творчасці Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш. Вялікі ўклад у развіццё драматургіі ўнеслі Шэкспір, Мальер, Пушкін, Гогаль, А. Астроўскі, Ібсен, Шоў, Брэхт і іншыя выдатныя еўрапейскія драматургі. Яны выкарысталі мажлівасці ўсіх відаў драмы - камедыі, трагедыі, драмы (у вузкім значэнні).\\ Беларуская літаратурная драма бярэ свой выток з народнай драмы ("Цар Максімілян"), пастановак [[слоўнік/батлейка|батлейкі]] - народнага лялечнага тэатра, у якіх рэлігійны змест нярэдка раствараўся ў сцэнах з сялянскага жыцця. Як правіла, другая палова батлейкі з яе традыцыйнымі дзейнымі асобамі (селянін Мацей і яго жонка, шляхціц, цыган, яўрэй, доктар і інш.) цалкам вытрымліваліся ў сатырычна-парадыйнай манеры.\\ Бытавала драма і ў сярэдневяковай беларускай літаратуры ("Камедыя" Каятана Марашэўскага, "Доктар па прымусу" М. Цяцерскага і інш.). Прычым у п'есы паміж іх асобнымі дзеямі, а часам і ўнутры дзеяў устаўляліся [[слоўнік/інтэрмедыя|інтэрмедыі]] (ад лац. intermedius - той, што знаходзіцца пасярэдзіне) - невялікія сцэнкі ці п'ескі, звычайна камічнага характару, напісаныя размоўнай мовай ("Селянін і студэнт", "Чорт Асмалейка", "Іван і царкоўны вартаўнік" і інш.). Росквіт драмы у пазнейшы час звязаны з [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам]] ("[[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/вінцэнт-дунін-марцінкевіч-залёты|Залёты]]", "[[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/вінцэнт-дунін-марцінкевіч-ідылія|Ідылія]]"), Янкам Купалам ("Паўлінка", "Прымакі", [[творы/янка-купала/янка-купала-тутэйшыя|"Тутэйшыя"]]), К. Каганцом ([[творы/карусь-каганец/карусь-каганец-модны-шляхцюк|"Модны шляхцюк"]]), [[творы/уладзіслаў-галубок/уладзіслаў-галубок-пісаравы-імяніны|Уладзіславам Галубком ("Пісаравы імяніны")]], [[постаці/францішак-аляхновіч|Францішкам Аляхновічам]] ("На Антокалі", "Цені", "[[творы/францішак-аляхновіч/францішак-аляхновіч-няскончаная-драма|Няскончаная драма]]"), да якіх затым далучыліся [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрат Крапіва]], К. Губарэвіч, А. Маўзон, Андрэй Макаёнак, Мікола Матукоўскі, [[постаці/аляксей-дудараў|Аляксей Дудараў]], Алесь Петрашкевіч, А. Дзялендзік і іншыя беларускія драматургі.\\ 2. Драма - адзін з відаў драматычнага роду літаратуры (побач з камедыяй і трагедыяй), твор, у аснове якога - востры [[слоўнік/канфлікт|канфлікт]], што не канчаецца, аднак, трагічнай [[слоўнік/развязка|развязкай]] ("Раскіданае гняздо" [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]], "Партызаны" Кандрата Крапівы, "Радавыя" Аляксея Дударава і інш.). ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/драма-абсурду]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-драма]]